Рост цэнаў на нафту дае Расіі грошы на вайну — The Economist

Крэмль выкарыстоўвае любыя метады, каб утрымаць гэтыя цэны высокімі. І Саудаўская Аравія яму ў гэтым дапамагае.

19.09.2023 / 13:52

Нафтавы танкер Nobel чакае перагрузкі сырой нафты з Расіі 5 сакавіка 2023 г. у Сеуце, Іспанія. Судны CRIUS, ANSHUN II і Nobel — нафтавыя танкеры, зафрахтаваныя расійскімі кампаніямі — былі затрыманыя ў моры ля ўзбярэжжа Марока ў чаканні перагрузкі нафты з расійскіх партоў у Балтыйскім і Чорным морах. Танкеры перапраўлялі сырую нафту з Расіі на азіяцкія рынкі, нягледзячы на санкцыі Захаду. Фота Antonio Sempere / Europa Press праз Getty Images

Пасля дасягнення рэкордных аб'ёмаў экспарту сырой нафты з Расіі за апошнія месяцы — нават нягледзячы на ​​заходнія эмбарга і рызыкі навігацыі ў Чорным моры — у жніўні экспарт сырой расійскай нафты ўсё ж знізіўся да 3 мільёнаў барэляў на дзень. Гэта прыкладна на 800 000 б/д ніжэй, чым у сярэднім за красавік-травень 2023 года і ніжэй за даваенны ўзровень, паведамляе The Economist. 

5 верасня Расія заявіла, што працягне «добраахвотнае» скарачэнне на 300 000 б/д, абвешчанае ў жніўні, да канца 2023 года.

Спад экспарту пазбаўляе багацця Крэмль менавіта тады, калі ён хоча папоўніць свой вайсковы арсенал. Паводле ацэнак некаторых экспертаў, у жніўні даходы з федэральных падаткаў ад продажу сырой нафты знізіліся да 8 мільярдаў даляраў (з 10 мільярдаў у ліпені і 13 мільярдаў у жніўні мінулага года). Рубель, які доўгі час быў яшчэ адным сімвалам так званай устойлівасці Расіі, абваліўся да ўзроўню амаль да 100 за даляр — самага таннага з часоў поўнамаштабнага ўварвання.

Абодва рэзкія спады выклікалі тэрміновасць намаганняў Расіі зарабіць больш грошай на кожнай кроплі нафты, якую яна выпампоўвае. Для гэтага існуе тры тыпы тактык.

Першая тактыка — пагоня за павышэннем коштаў за меншую колькасць прададзеных барэляў — сутыкнулася з цяжкасцямі.

У перыяд са студзеня да жніўня цана Urals, асноўнага гатунку нафты ў Расіі, склала ў сярэднім $59 за барэль, знізіўшыся з $83 за першыя восем месяцаў мінулага года. У асноўным гэта адбылося з-за зніжэння сусветнай цаны на нафту, якая за гэты перыяд знізілася са 104 да 81 даляра. Але заходнія эмбарга (якія пры гэтым палягчаюць задачу дамаўляцца аб зніжках для іншых купцоў расійскай нафты, такіх як Кітай і Індыя), верагодна, таксама адыгралі сваю ролю. Гэтак жа і «ліміт цаны» ад G7, якая забараняе заходнім грузаадпраўшчыкам і страхоўшчыкам садзейнічаць экспарту расійскай сырой нафты, калі паліва не прадаецца ніжэй за $60 за барэль.

Аднак зусім нядаўна стратэгія пагоні за павышэннем коштаў дасягнула пэўнага поспеху. Чаканне пікавых працэнтных ставак у ЗША, а таксама скарачэнне вытворчасці як Расіяй, так і Саудаўскай Аравіяй дапамаглі падняць сусветныя цэны на нафту, якія 5 верасня ўпершыню ў гэтым годзе падняліся вышэй за $90 за барэль. Гэта выгадна Расіі, якая нядаўна стварыла «шэры» флот танкераў — часта састарэлых караблёў, якія належаць незразумелым пасярэднікам у Персідскім заліве, Ганконгу ці Турцыі. Не варта забываць і пра «страхавую сістэму», якая падтрымліваецца расійскай дзяржавай і ізалюе большую частку сваёй дыстрыбутарскай сеткі ад абмежавання коштаў. Такім чынам з сярэдзіны жніўня Urals таргуецца вышэй за $70 за барэль.

Захад наўрад ці будзе настойваць на больш строгім выкананні ліміту коштаў: ён хоча захаваць паток расійскай нафты, каб пазбегнуць дэфіцыту паставак пазней у гэтым годзе. Такім чынам, павышэнне цаны на Urals выглядае надзейным для Расіі, нават калі будзе цяжка пераканаць кліентаў пагадзіцца на меншыя зніжкі адносна сусветнай цаны. 

Паколькі Расія прадае зараз менш сырой нафты, яна таксама спрабуе прадаць больш сваёй прэміяльнай апрацаванай нафты. Гэта яе другая тактыка для падтрымання даходаў на плаву.

Для гэтага яна можа перапрацоўваць больш сырой нафты на сваіх нафтаперапрацоўчых заводах, мабілізуючы непрацуючыя магутнасці. Аналітыкі мяркуюць, што гэта адкладзе значную частку тэхнічнага абслугоўвання, запланаванага на гэты месяц, на восень наступнага года. І гэта максімізуе даходнасць ад продажу дызельнага паліва, высокапрыбытковага прадукту, у шкоду рэактыўнаму паліву.

У жніўні краіна экспартавала больш такіх «чыстых» прадуктаў, чым за той жа месяц за любы з апошніх шасці гадоў.

Трэці спосаб, якім Расія спрабуе кампенсаваць зніжэнне паставак сырой нафты, — гэта развіццё новых каналаў для яе распаўсюду. Экспарцёры непрыкметна нарошчваюць трубаправодныя патокі ў тыя еўрапейскія краіны, якія, нягледзячы на санкцыі, усё яшчэ могуць і купляюць расійскую нафту, а менавіта ў Чэхію і Венгрыю. Аналітыкі чакаюць, што гэта працягнецца да 2025 года, калі чэшскі аператар трубаправода павінен пачаць прымаць больш сырой нафты з італьянскага трубаправода.

Расія таксама пачынае адпраўляць больш грузаў праз Арктыку, што можа знізіць кошт паставак у Кітай. Маршрут на 30-45% карацейшы, чым з Балтыйскага і Баранцавага мораў. Даныя паказваюць васьміразовы рост расійскіх танкераў з сырой нафтай, якія выкарыстоўваюць гэты шлях у 2023 годзе. Плаванне па Арктыцы магчыма толькі летам і ранняй восенню, але Расія, робячы стаўку на глабальнае пацяпленне, нацэлена на круглагадовае плаванне да 2025 года. Але ёсць надзеі, што гэтыя намаганні могуць прынесці вынікі занадта позна, каб падтрымаць далейшыя ваенныя высілкі краіны-агрэсаркі.

Чытайце таксама:

Расія ўхіляецца ад санкцый усё хітрэйшымі спосабамі

Расія гандлюе нафтай у гіганцкіх маштабах, нягледзячы на санкцыі

Еўрасаюз зацвердзіў новы пакет санкцый супраць Расіі

Nashaniva.com