У Мінску пачалі судзіць Аляксея Кузьміна, музыку і экс-менеджара МТС

У Мінскім гарадскім судзе 11 верасня пачалі судзіць палітзняволенага былога менеджара МТС і саліста музычнага гурта «Закон гуку» Аляксея Кузьміна. Ён праходзіць па гучнай справе «Чорнай кнігі Беларусі», піша «Вясна».

12.09.2023 / 22:25

Аляксей Кузьмін на судзе 11 верасня. Фота: sb.by

Нягледзячы на тое, што ў ліпені палітвязень вымушана даў прапагандыстам інтэрв'ю з «пакаяннямі», цяпер яго ўсё адно судзяць за «дапамогу ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці групай асоб» і «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Аляксею Кузьміну пагражае да 12 гадоў калоніі. Справу супраць палітвязня разглядае Сяргей Хрыпач.

Аляксея затрымалі 26 кастрычніка 2022 года і змясцілі пад варту. Згодна з версіяй абвінавачання, з 9 жніўня 2020 года да 8 красавіка 2021 года ён, займаючы пасаду начальніка аддзела сістэм прадбілінгу і тарыфікацыі кіравання тэлекам-рашэнняў Дэпартамента інфармацыйных тэхналогій СТАА «МТС» і маючы доступ да асабістай інфармацыі кліентаў аператара мабільнай сувязі, «зліваў» яе ў тэлеграм-каналы «Чорная кніга Беларусі», «Карнікі Беларусі», «Все нарушения!».

Па справе праходзіць не менш за 57 «пацярпелых»: сілавікі, праўладныя журналісты, чыноўнікі, суддзі, пракуроры і члены іх сем'яў. Сярод іх — прапагандыстка Людміла Гладкая, дэпутат Сяргей Клішэвіч, праўладны бізнэсмен Яўген Алексяюк.

Таксама палітвязня судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту, доказам якога з'яўляецца ягоны фотаздымак на дарозе.

Цяпер Кузьміна абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамога ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненая групай асоб) і арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.

На судзе Аляксей віну прызнаў цалкам і «раскаяўся» ў здзейсненым. Ён хадайнічаў аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме, але хадайніцтва не задаволілі. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме, на ім дапытваюць «пацярпелых».

Чытайце таксама:

Экс-начальніка з МТС Аляксея Кузьміна будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў

СК выставіў абвінавачванне супрацоўніку МТС Аляксею Кузьміну

Затрымалі начальніка аддзела МТС Аляксея Кузьміна

Nashaniva.com