«Чэкісцкая контрвыведка налічвала 100 тысяч чалавек, а нашых агентаў было толькі пяцёра». Даследчык архіваў брытанскіх спецслужбаў апублікаваў кнігу аб супрацьстаянні Захаду і Усходу
Брытанскі гісторык, пісьменнік і адвакат Колдэр Уолтан шмат гадоў вывучаў архівы брытанскай сакрэтнай службы МІ-5 і падзяліўся некаторай інфармацыяй у сваёй кнізе «Шпіёны». Расказваем, пра што ідзе гаворка.
13.09.2023 / 11:24
Аўтар кнігі «Шпіёны» Колдэр Уолтан. Фота: CNN
«Украінцы хочуць ведаць, на якую замежную дапамогу яны могуць разлічваць, бо расіяне ведаюць пра іх варожасць да сябе і сваіх ідэй. Я ім адказаў, што ніхто не будзе перашкаджаць Расіі і што яна ніколі не дазволіць Украіне цалкам ад сябе аддзяліцца», — сказана ў справаздачы аднаго з брытанскіх шпіёнаў, якая была напісаная яшчэ ў 1922 годзе, за 100 гадоў да сучаснага расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну.
Менавіта з падобнай сакрэтнай дакументацыяй спецслужбаў Вялікабрытаніі на працягу пяці гадоў працаваў брытанскі даследчык Колдэр Уолтан, што і вылілася ў напісанне кнігі пад назвай «Шпіёны». Кароткі агляд на яе зрабіла выданне The Financial Times.
Сама кніга апісвае супрацьстаянне спецслужбаў Захаду і Усходу ў перыяд ад 1917 года да сёння і распавядае аб расстаноўцы сіл па абодва бакі барыкад.
Так аўтар сцвярджае, што Заходнія краіны паталагічна не жадаюць бачыць ці прызнаваць рэальнасць пагроз з боку сваіх ідэалагічных праціўнікаў і рэагуюць на выклікі занадта позна, даючы ворагам магчымасць моцна пайсці наперад па ўзроўнях шпіянажу, уплыву, прапаганды і дыверсій.
«Халодная вайна пачалася задоўга да таго, як быў прыдуманы гэты выраз. Яшчэ ў 1920-ыя гады чэкісты толькі ў контрвыведцы мелі больш за 100 тысяч агентаў, у той час як брытанская контрвыведка мела толькі пяцярых супрацоўнікаў, у амерыканскай было амаль тое ж самае.
Дарэчы, у ЗША ў 1929 годзе дзяржсакратар Генры Стымсан увогуле распусціў Дэпартамент узлому кодаў і сувязі, бо «джэнтльмены не чытаюць чужой перапіскі». Як тады, так і сёння Захад не ўсведамляе, што правальна адстае ў шпіёнскай вайне», — разважае Колдэр Уолтан у сваёй кнізе, абапіраючыся на архівы брытанскай службы MI-5.
Пішучы пра сённяшняе адставанне, аўтар мае на ўвазе няправільнае размеркаванне рэсурсаў і расстаноўку прыярытэтаў з боку заходніх разведак. Нават калі Крэмль «грае па-хуліганскі», Захад працягвае рабіць выгляд, што гэта быццам несур'ёзна, упэўнены Уолтан.
«З распадам СССР рускія шпіёны сталі больш агрэсіўнымі. Яшчэ ў 2003-м колькасць спецслужбістаў сярод супрацоўнікаў Крамля складала 2,5%. У 2019-м гэты паказчык дасягнуў неверагодных 77%.
Адначасова Кітай у гэтым плане стаў «Савецкім Саюзам на стэроідах». Толькі ў 2021 годзе амерыканскае ФБР кожныя 12 гадзін заводзіла крымінальныя справы, звязаныя з Кітаем. Пекін і Масква масава перакупляюць і крадуць заходнія тэхналогіі, залатаць такія дзіркі ў бяспецы нам будзе складана», — адзначае брытанскі даследчык у сваёй кнізе.
Станоўчую тэндэнцыю аўтар бачыць у міжнароднай рэакцыі на тэракты 11 верасня 2001 года ў ЗША, калі Заходнія краіны сталі масава ўмацоўваць контртэрарыстычныя і разведвальныя інстытуты.
Аднак, паводле інфармацыі Уолтана, расстаноўка прыярытэтаў усё яшчэ была слабай. Напрыклад, у 2006 годзе толькі 4% дзейнасці брытанскай службы радыёэлектроннай выведкі GCHQ было звязана з варожымі дзяржавамі. У мінулым стагоддзі гэты паказчык складаў 70% і быў прысвечаны толькі СССР.
Асноўная думка і пасыл, якія прасоўвае аўтар, заключаюцца ў тым, што непрызнанне ці павольнае прызнанне пагрозы вельмі небяспечнае. Заходнія краіны з'яўляюцца часткай халоднай вайны і з Расіяй, і з Кітаем, хочуць яны таго ці не, перадае The Financial Times.
Чытайце таксама:
«Ведаю толькі тое, што выжыў». Джордж Буш падзяліўся ўспамінамі аб Прыгожыне