«Ён ужо не Анатоль Барысавіч Чубайс, а Мойша Ізраілевіч» 

Сёння на Усходнім эканамічным форуме прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выказаўся пра бізнэсменаў, а таксама дзеячаў грамадства і культуры, якія выехалі з Расіі ў знак пратэсту супраць вайны. Выявілася, што Пуцін сочыць за Чубайсам.

12.09.2023 / 11:08

Фота з Анатолем Чубайсам у эміграцыі рэгулярна з'яўляюцца ў сеціве

Так, Пуцін сказаў, што не разумее паводзінаў расійскага бізнэсмена і чыноўніка, былога кіраўніка Раснана Анатоля Чубайса, які з пачаткам вайны збег у Ізраіль. Прэзідэнт Расіі сказаў, што бачыў фатаграфію Чубайса ў Ізраілі і ведае, што той змяніў імя.

«Тое, што Анатоль Барысавіч там чамусьці хаваецца. Мне паказалі буйныя фатаграфіі з інтэрнэту, дзе ён ужо не Анатоль Барысавіч Чубайс, а Мойша Ізраілевіч. Навошта ён гэта робіць? Я не разумею, чаго ён уцёк?

Там, разумееце, можа быць звязана яшчэ з тым, што ідуць складаныя працэсы ў гэтай структуры нанатэхналогій, якую ён узначальваў доўгія гады, і там вялікая дзірка, велізарная фінансавая дзірка, вялікія лічбы… Але там, дзякуй богу, няма нейкіх крымінальных спраў, пераследу. Можа быць, з гэтым звязана, што ён баіцца, што ў канчатковым выніку гэта ўсё прывядзе да ўзнікнення нейкіх крымінальных спраў.

Таму ў Ізраілі нават перайшоў на нелегальнае становішча. Нафіга яму гэта трэба, я, шчыра кажучы, не разумею», — сказаў Пуцін.

Мадэратар, намякаючы на кадэбэшны досвед Пуціна, на гэтыя словы заўважыў: «Меркаванне чалавека, які працаваў у Дрэздэне».

Nashaniva.com