Латвія прапануе закрыць адзін з двух пунктаў пропуску на беларускай мяжы

Як заявіў начальнік Памежнай службы Латвіі, абстаноўка на граніцы сёння самая напружаная за тры гады.

12.09.2023 / 10:30

Пункт пропуску «Сіленэ». Фота: tuda-suda.by

Так як фіксуецца ўсё больш спроб нелегальнага перасячэння мяжы Латвіі з боку Беларусі, каб вызваліць больш чалавечых рэсурсаў для аховы мяжы, начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс прапанаваў закрыць адзін з двух памежных кантрольна-прапускных пунктаў — «Сіленэ» (з беларускага боку «Урбаны»), паведамляе lsm.lv.

Пуятс у эфіры Латвійскага радыё распавёў, што сітуацыя на мінулым тыдні выдалася, «напэўна, самай напружанай за ўсе тры гады пачынаючы з 2021-га». Паводле яго слоў, за тыдзень прадухілена незаконнае пранікненне ў Латвію 892 чалавек. І нельга выключаць таго, што асобным парушальнікам магло пашанцаваць, і іх не злавілі — хоць на ахову мяжы і кінутыя вялікія кадравыя рэсурсы самой памежнай аховы, Нацыянальных узброеных сіл і Дзяржпаліцыі.

Пуятс падкрэсліў, што Латвія для арганізатараў патоку нелегалаў, якія імкнуцца пранікнуць у ЕС, — цяпер мэта нумар адзін: відавочна, рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (верагодна, што пасля кансультацый з Крамлём, удакладняе Латвійскае радыё) была пастаўлена задача накіраваць ціск нелегальнай міграцыі менавіта сюды.

На дапамогу латвійскім калегам ужо прыбыло 20 літоўскіх памежнікаў. Накіраваны і запыт на дадатковую дапамогу арміі.

Але Пуятс мае намер прапанаваць Кабінету міністраў яшчэ і закрыць КПП «Сіленэ», каб яго персанал таксама прыцягнуць да аховы мяжы. Тады легальна перасекчы мяжу з Беларуссю будзе можна толькі праз КПП «Патэрніекі» («Грыгароўшчына»).

Згодна з распрацаванымі інструкцыямі, калі сітуацыя не палепшыцца, наступным крокам стане поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю, падкрэсліваюць латвійскія медыя.

Нагадаем, што на беларуска-літоўскай мяжы дзейнічаюць пасля двух закрытых чатыры пункты пропуску, на польскай застаўся адзін пункт пропуску для легкавых аўтамабіляў.

Чытайце таксама:

Мігранты перанеслі асноўную актыўнасць на латвійскую мяжу

У мірны час мін на мяжы з Беларуссю не будзе — камандуючы Нацыянальнымі сіламі Латвіі

Закрыцця граніц пакуль не будзе, канфрантацыя спала. Спыталі ў экспертаў, ці можна гаварыць пра пачатак адлігі паміж Мінскам і ЕС

Nashaniva.com