У Глыбокім з'явіўся мурал па матывах працы Язэпа Драздовіча
Мурал пад назвай «Нябесныя бегі» адкрылі ў межах марафону, які праўладныя грамадскія структуры праводзяць да Дня народнага адзінства 17 верасня.
12.09.2023 / 13:36
Фота: vg-gazeta.by
«Гэты арт-аб'ект быў створаны па матывах кнігі «Нябесныя бегі», аўтар якой — наш знакаміты зямляк, мастак, пісьменнік Язэп Драздовіч. Дарэчы кажучы, сёлета яму спаўняецца 135 гадоў», — піша раённая газета «Веснік Глыбоччыны».
Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было захапленне космасам. У 1931 годзе ён выдаў у Вільні на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы. Выданне ўпрыгожылі ўласныя рысункі аўтара. У 1931—1933 гады Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў — «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».
Мурал на цэнтральнай плошчы Глубокага каля крамы «Еўраопт» стварылі выкладчыкі і вучні мясцовай мастацкай школы, якая носіць імя Язэпа Драздовіча, — гэта зорнае неба з планетамі Сонечнай сістэмы. Адкрыццё мурала ператварылася ў своеасаблівы перформанс: кожны ахвотны мог дамаляваць «на небе» ўласную зорку.
Фота: vg-gazeta.by
Зварот да спадчыны знакамітага земляка — будучы мастак нарадзіўся ў 1888 годзе ў вёсцы Пунькі на Глыбоччыне — выглядае вельмі нетыпова ў параўнанні з іншымі мураламі на Віцебшчыне: у Шуміліне, Полацку, Расонах, Асвеі і Мёрах.
Першым быў адчынены мурал у Шуміліне. Назва малюнка — «Сэрца ў далонях».
Фота: t.me / iniciativavo
Наступным адкрылі мурал «Абшар палёў» у Полацку. Малюнак з'явіўся на жалезабетоннай канструкцыі транспартнага моста (дакладней, пад мостам) у раёне вуліцы Касманаўтаў. Аўтарка эскіза — навучэнка Полацкага эканамічнага каледжа Яна Сядлоўская, яна ж і намалявала мурал.
Фота: t.me / iniciativavo
У Расонах мурал з васількамі, каласамі і галубамі з'явіўся на сцяне трансфарматарнай падстанцыі. Яго стварыла педагог Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі Настасся Нямыцькава.
Фота: t.me / iniciativavo
Дзіцячы малюнак перанеслі на сцяну ў Асвеі. Канцэрт падчас адкрыцця далі мясцовыя школьнікі.
Фота: t.me / iniciativavo
У Мёрах прымітыўны малюнак з'явіўся на сцяне былога кінатэатра: голуб, каласы і чырвона-зялёнае сэрца.
Фота: t.me / iniciativavo
У Лёзне просты малюнак размясцілі на трансфарматарнай падстанцыі.
Фота: lioznonews.by