У Магілёве надумалі перайменаваць плошчу Арджанікідзэ, просяць прапаноўваць назвы
Рыгор Арджанікідзэ быў сябрам Сталіна і адным з лідараў партыі бальшавікоў. Ідэя гарвыканкама — пераназваць плошчу ў гонар праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага, які быў агентам уплыву Расіі ў XVIII стагоддзі. Але ўлада заяўляе гатоўнасць абмяркоўваць варыянты.
11.09.2023 / 13:32
Плошча Арджанікідзэ. Фота: streets.csgpb.by
Магілёўскі гарвыканкам вырашыў правесці грамадскае абмеркаванне аб перайменаванні плошчы. Яно пачынаецца 13 верасня і будзе доўжыцца месяц. Гараджанам прапануецца або пакінуць цяперашнюю назву, або прыдумаць сваю, або падтрымаць пераназванне ў «Плошчу Свяціцеля Георгія Каніскага».
Плошча Арджанікідзэ — гістарычны цэнтр гораду. Названы ў гонар сябра Сталіна пляц утварыўся, калі ў 1950-х гадах тут засыпалі яр. Старэйшае пакаленне магілёўцаў гэтую мясціну дагэтуль называе Касцерня.
Непадалёк ад плошчы — Ратуша і замчышча. За некалькі соцень метраў ад яе на Архірэйскім вале імя Каніскага стаіць крыж у памяць аб Каніскім, а на будынку былога архірэйскага палаца ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё. Год таму побач з плошчай Арджанікідзэ Каніскаму паставілі помнік.
Помнік епіскапу Каніскаму ў Магілёве. Каніскага паставілі спінаю да Дняпра і Падмікольскага парку. Постаць святара глядзіць на плошчу Арджанікідзэ. Фота: Магілёў.media
У 2016 годзе з ініцыятывай аб наданні плошчы імя Каніскага ўжо выступалі, як заяўлялася, праваслаўныя вернікі. Намеры змяніць назву плошчы яны аргументавалі тым, што Арджанікідзэ ніколі не быў у Магілёве і ўдзельнічаў у рэпрэсіях.
Сем гадоў таму прапанова выклікала палеміку. Яна выявіла неадназначнае стаўленне да Каніскага як царкоўнага дзеяча і гістарычнай асобы.
Праваслаўныя іерархі Георгія Каніскага называюць абаронцам праваслаўнай веры ды ўважаюць за святога абаронцу зямлі Беларускай. Ягоную постаць бачаць у адным шэрагу з Еўфрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім.
На адкрыцці помніка Каніскага былі асобы, апранутыя ў казакаў. Фота: Магілёў.media
Сярод заслуг Каніскага называюць вяртанне ў праваслаўную веру тых, хто «збіўся з праваслаўнага шляху». На адным з хросных хадоў у яго гонар было заяўлена, што за час біскупства Каніскага ў праваслаўе з каталіцтва было перахрышчана 120 тысяч беларусаў.
Георгія Каніскага запрасілі кіраваць Магілёўскай епархіяй у 1755 годзе з Украіны, бо сваіх святароў было мала. Гэта быў час злому эпох, які прывёў да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэчы Паспалітай.
Каніскі быў не толькі святаром, але і палітыкам. Ён лабіраваў інтарэсы праваслаўных пры двары караля Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі тады беларускія землі. Ён таксама заклікаў Расію ўмешвацца ў справы Рэчы Паспалітай дзеля «абароны праваслаўных». За гэта некалькі разоў яго хацелі забіць. У 1768 годзе Каніскі выехаў у Расію, дзе заставаўся Магілёўскім епіскапам у выгнанні.
Глядзіце таксама:
Чаму ў патрыярха і епіскапаў бел-чырвона-белыя стужкі на мантыях і гербах?
У расійскім Арле знайшлі пліту з узарванага ў Магілёве сабора
Вучоныя: сучасныя людзі атрымалі вялікія насы ў спадчыну ад неандэртальцаў