Круты назваў лічбы, як абваліўся заходні рынак у беларускім гандлі пасля санкцый
Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты на форуме прадпрымальнікаў у Хабараўску расказаў, як пасля ўвядзення санкцый скарацілася доля рынкаў Заходняй Еўропы і Украіны ў знешнім гандлі Беларусі, піша БЕЛТА.
10.09.2023 / 09:24
Дзмітрый Круты. Фота: БЕЛТА
«Ужо фактычна два гады Беларусь і Расія жывуць пад беспрэцэдэнтным санкцыйным ціскам. Для Беларусі гэта ўвогуле вялікі выклік, бо 45 працэнтаў нашай эканомікі апынуліся пад прамымі санкцыямі, улічваючы вялікі ўзровень знешняга тавараабароту — наш экспарт і імпарт на 30 працэнтаў перавышае наш ВУП. То-бок вялізная ступень адкрытасці [беларускай эканомікі].
Да ўсіх гэтых санкцый рынкі Заходняй Еўропы і Украіны для нас па значнасці займалі 40 працэнтаў. Сёння яны займаюць 5 працэнтаў, гэта адбылося фактычна за адзін год», — сказаў Дзмітрый Круты.
«Пераарыентаваць такі паток тавараў і грузаў (у грошах гэта $10,5 млрд) было вельмі і вельмі складана. І вядома — гэта ў першую чаргу падтрымка ўрада Расійскай Федэрацыі, падтрымка Кітайскай Народнай Рэспублікі. Кітай для нас выйшаў на другое месца ў якасці гандлёвага партнёра, вельмі шмат сумесных праектаў», — адзначыў ён.
Круты назваў супрацоўніцтва з Расіяй на сённяшні дзень «абсалютным прыярытэтам».
Чытайце таксама:
Швейцарыя ўвяла санкцыі супраць авіяцыйнай і касмічнай галіны Беларусі
Беларусь стала адным з пунктаў апрацоўкі расійскіх алмазаў у абыход санкцый — The New York Times
Доля «Беларуськалія» на сусветным рынку ўгнаенняў скарацілася ўдвая — Алейнік