Колькасць ахвяр землятрусу ў Марока дасягнула 1037 чалавек
Колькасць ахвяр землятрусу ў Марока, які адбыўся 8 верасня, дасягнула 1037, яшчэ 1204 чалавекі атрымалі траўмы. Пра гэта паведаміў тэлеканал Al Arabiya са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў каралеўства.
09.09.2023 / 21:15
Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images
Канал адзначае, што больш за 720 пацярпелых знаходзяцца ў крытычным стане, а сотні чалавек дагэтуль не знойдзеныя пад заваламі.
Землятрус магнітудай каля 7 для Марока стаў самым моцным у гэтым стагоддзі. Ягоны эпіцэнтр знаходзіўся ў раёне горнага хрыбта Высокі Атлас прыкладна за 72 км ад Маракеша, горада з насельніцтвам каля 840 тысяч чалавек. Штуршкі адчуваліся ў радыусе 400 кіламетраў. Следам за магутным асноўным штуршком рушылі сотні афтэршокаў.
Загінулыя ёсць у гарадах Маракеш, Азілаль, Агадзір, Варзазат і Чычауа. Таксама штуршкі адчуваліся ў гарадах Касабланка, Мекнес, Фес, Рабат.
Як піша выданне Sky News, землятрус доўжыўся некалькі хвілін, у гэты момант жыхары выбягалі на вуліцы. Ёсць кадры ў сеціве, як пасля чарговага штуршка трэснула сцяна шматпавярховіка на першым паверсе — і дом паваліўся.
Многія людзі загінулі ў цяжкадаступных горных раёнах. Па ўсёй краіне цяпер ратавальнікі і простыя грамадзяне спрабуюць даставаць людзей, якія апынуліся пад заваламі, бальніцы запаўняюцца пацярпелымі.
Чытайце таксама:
У Францыі людзей напалохаў нетыповы моцны землятрус на захадзе краіны
Сейсмолагі: У Беларусі апошнім часам землятрусаў не зафіксавана
Навукоўцы расказалі, які землятрус можа вытрымаць АЭС у Астраўцы