«Як дойдзе да справы, тады і будзем вырашаць». Немцы пакуль не ведаюць, што рабіць з беларусамі без пашпартоў
Нямецкі ўрад крытычна ацаніў указ Аляксандра Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў», які прадугледжвае фактычную адмову Беларусі ад консульскага абслугоўвання суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой. Але ў Берліне пакуль не ведаюць, што будуць рабіць з беларусамі, якія ад гэтага пацярпяць.
06.09.2023 / 17:28
«Калі беларускі ўрад насамрэч пойдзе на такі крок, то гэта, натуральна, патрабуе асуджэння», — заявіў у сераду, 6 верасня, прэс-сакратар МЗС Германіі Себасцьян Фішэр, адказваючы на пытанне карэспандэнта Deutsche Welle.
Фішэр растлумачыў, што па міжнародным консульскім праве ў прынцыпе недапушчальна адмаўляць грамадзянам уласнай краіны за мяжой у консульскай падтрымцы, абароне і аказанні консульскіх паслуг.
У той жа час ва ўрадзе Германіі пакуль не вырашылі, што належыць рабіць у выпадку, калі ў нейкага грамадзяніна Беларусі, які жыве ў гэтай краіне, скончыцца тэрмін дзеяння пашпарта і ён, баючыся магчымых рэпрэсій, не рызыкне ехаць на радзіму, каб працягнуць дзеянне або атрымаць новы дакумент.
У кожным разе, адзначыў Фішэр, такія пытанні ў кампетэнцыі не МЗС, а ведамстваў, якія займаюцца статусам іншаземцаў у Германіі, то-бок МУС.
«Але на цяперашні момант мы наогул не можам адказаць на такое пытанне, — дадаў афіцыйны прадстаўнік федэральнага канцлера Штэфан Хебештрайт, — паколькі выкладзены вамі факт нам яшчэ не вядомы».
Як дойдзе да справы, растлумачыў чыноўнік, тады мы і будзем вырашаць, што рабіць, прычым гэта тычыцца не толькі Германіі, але і многіх іншых краін, дзе цяпер жывуць грамадзяне Беларусі.
Чытайце таксама:
Заканчваецца беларускі пашпарт. І што цяпер рабіць? Парады адваката
Беларусам, якія жывуць у Грузіі, варта паклапаціцца пра еўрапейскую візу
Стрыжак: Прыедуць мяняць пашпарт і зусім нечакана трапяць у СІЗА