У Арменіі правядуць вайсковыя вучэнні сумесна з ЗША
Мінабароны Арменіі паведаміла, што з 11 да 20 верасня ў краіне пройдуць армяна-амерыканскія вайсковыя вучэнні.
06.09.2023 / 09:54
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінабароны Арменіі
Манеўры правядуць у рамках падрыхтоўкі да ўдзелу ў міжнародных міратворчых місіях на базе навучальнага цэнтра «Зар» міратворчай брыгады Мінабароны Арменіі. У паведамленні гаворыцца, што вучэнні прадугледжваюць «аперацыі па стабілізацыі» пры выкананні міратворчых задач, піша «Медуза» са спасылкаю на Мінабароны Арменіі.
У Мінабароны назвалі мэтай вучэнняў «павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння падраздзялення, якое ўдзельнічае ў міжнародных міратворчых місіях у рамках міратворчых аперацый», а таксама «абмен перадавым вопытам у кіроўнай і тактычнай камунікацыі».
У студзені 2023 года прэмʼер-міністр краіны Нікол Пашынян заявіў, што Арменія лічыць немэтазгодным правядзенне вучэнняў Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі на тэрыторыі краіны сёлета. Пазней ён таксама казаў, што ў Ерэвана склалася ўражанне, што гэтая арганізацыя «сыходзіць з Арменіі». Ён дапусціў, што Арменія можа прыняць рашэнне аб спыненні або замарожванні сяброўства ў АДКБ.
У інтэрвʼю італьянскай газеце La Repubblica Пашынян заявіў, што, на ягоную думку, залежнасць Арменіі ў сферы бяспекі ад Расіі была стратэгічнай памылкай.
Таксама армянскі прэм'ер-міністр заяўляў, што Арменія не саюзнік Расіі ў яе вайне супраць Украіны.