Рабочыя пашкодзілі Вялікую Кітайскую сцяну. Яны хацелі скараціць дарогу
Двое рабочых, якім надакучыла хадзіць у абход на свой будаўнічы ўчастак, з дапамогай экскаватара паглыбілі і пашырылі частку сцяны, што прасела, давёўшы яе да ўзроўню зямлі.
05.09.2023 / 13:22
Па даных мясцовай паліцыі, двое рабочых з дапамогай экскаватара праклалі дарогу ў існуючым паглыбленні старажытнай Вялікай сцяны. Фота: YOUYU COUNTY police release
Будаўнікі сур'ёзна пашкодзілі частку Вялікай Кітайскай сцяны ў цэнтральнай правінцыі Шаньсі, піша Бі-бі-сі.
Па даных паліцыі, двое рабочых, якім надакучыла хадзіць у абход на свой будаўнічы ўчастак, з дапамогай экскаватара паглыбілі і пашырылі частку сцяны, што прасела, давёўшы яе да ўзроўню зямлі. Атрыманая такім чынам дарога прыкметна скараціла шлях да ўчастка будоўлі «32-я Вялікая сцяна», на якім яны працавалі, — праз яе мог праехаць іх экскаватар.
Пра пашкоджанне стала вядома 24 жніўня пасля атрымання паведамлення аб тым, што ў сцяне ўтварыўся велізарны пралом.
Абое падазраваныя — 38-гадовы мужчына і 55-гадовая жанчына — затрыманыя, працягваецца расследаванне.
У паведамленні кітайскіх уладаў падкрэсліваецца, што рабочыя нанеслі «непапраўную шкоду цэласнасці Вялікай сцяны эпохі Мін і захаванасці культурных рэліквій».
Размешчаная ў павеце Юйю «32-я Вялікая сцяна» — гэта ўчастак Вялікай сцяны Мін. Яна адносіцца да катэгорыі гісторыка-культурных аб'ектаў, якія ахоўваюцца на правінцыйным узроўні.
Вялікая сцяна, якая стала ў 1987 годзе аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, будавалася і перабудоўвалася бесперапынна з 220 года да н. э. да эпохі праўлення дынастыі Мін у 1600-я гады. У той час яна была найбуйнейшым у свеце вайсковым збудаваннем.
Частка сцяны, якая захавалася, у асноўным была пабудаваная ў перыяд праўлення дынастыі Мін, яна і называецца Вялікай сцяной Мін.
На працягу многіх гадоў некаторыя ўчасткі сцяны былі пашкоджаныя або разбураныя, асабліва ў аддаленых сельскіх раёнах.
У 2016 годзе газета Beijing Times паведаміла, што больш за 30% Вялікай сцяны дынастыі Мін цалкам разбурана, і толькі 8% яе лічыцца добра захаванай.