«Яго просіць народ». «Беларусьфільм» здымае кіно пра падзеі 2020 года

«Мы ўсё гэта бачылі і нам трэба пакінуць…», — сказаў гендырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей.

05.09.2023 / 09:17

Юрый Аляксей. Скрыншот відэа

«Беларусьфільм» здымае кіно пра падзеі 2020 года, заявіў падчас ток-шоу «Па сутнасці» на СТБ гендырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей.

«Жнівень 2020 года. Нашы ворагі-экстрэмісты пра гэты час здымаюць сваё кіно, дзе трактуюць тое, што адбываецца, так, як бачаць гэта яны. І мы разумеем, што грошай у іх больш. Як нам зняць кіно такое, каб расказаць пра тое, як гэта было насамрэч», — задаўся пытаннем галоўны рэдактар «Мінскага кур'ера» Кірыл Казакоў.

Юрый Аляксей адказаў, што ён цудоўны памятае 16 жніўня 2020 года, калі Лукашэнка выступаў на Плошчы Незалежнасці.

«Я памятаю, 16 жніўня мы прыехалі ў Мінск з Гродна [Юрый Аляксей быў тады дырэктарам Гроднааблкінавідэапраката — НН] на аўтобусах падтрымаць кіраўніка дзяржавы, падтрымаць нашу сталіцу. Мы прынялі ўдзел у гэтым гістарычным мітынгу. Таму для нас гэта, можа быць, я выказваюся, не проста ў Інтэрнэце было паглядзець … мы бачылі гэта ўжывую, мы чулі словы нашага прэзідэнта», — падзяліўся ўспамінамі чыноўнік.

Ён расказаў, што зараз вядзецца праца: «У нас ёсць шэраг, як гаворыцца, прапаноў. У нас ёсць свае задумкі, цяпер яно ў такой канве прапрацоўваецца. … Яго трэба чакаць, бо яго просіць народ. Мы ўсё гэта бачылі і нам трэба пакінуць…».

Юрый Аляксей упэўнены, што фільм будзе.

«Карыстаючыся выпадкам, гатовы стварыць працоўную групу з маладых людзей і іншых, больш старэйшых людзей. Хацеў бы запрасіць у гэтую працоўную групу спецыялістаў, думаю, нас сёння глядзяць. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва. Ведаеце, я ўпэўнены, што атрымаецца. Мы пачнем зусім хутка здымаць. Зараз прапрацоўваем канву, затым сцэнар. У наступным годзе ён будзе ўжо ў працы», — заключыў кіраўнік «Беларусьфільма».

Nashaniva.com