Эрдаган не пераканаў Пуціна вярнуцца да «збожжавай здзелкі»

Масква не гатовая цяпер вяртацца да чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, якую сарвала ў ліпені. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам пасля перамоў у Сочы.

04.09.2023 / 19:44

Фота: Alexei Nikolsky, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Для вяртання Расіі да «збожжавай здзелкі» Пуцін патрабуе выканання пастаўленых ім раней умоў.

«Расія будзе гатовая рэанімаваць збожжавае пагадненне і зробіць гэта адразу, як толькі будуць выкананыя ўсе зафіксаваныя дамоўленасці», — сказаў Пуцін.

Да ўмоў Пуціна, як паведамлялася раней, адносяцца падключэнне Рассельгасбанка да сістэмы SWIFT, аднаўленне паставак імпартных запчастак для сельскагаспадарчай тэхнікі, разблакаванне транспартнай лагістыкі і страхавання, аднаўленне працы аміякаправода Тальяці — Адэса і размарожванне актываў расійскіх кампаній, якія трапілі пад санкцыі.

Перад пачаткам сустрэчы з Эрдаганам у Сочы 4 верасня Пуцін заявіў, што адкрыты да абмеркавання аднаўлення ўдзелу Расіі ў «збожжавай здзелцы».

Чытайце таксама:

Эрдаган і Пуцін праводзяць перамовы ў Сочы

Ва Украіне абвясцілі часовыя калідоры для гандлёвых караблёў, якія выходзяць з адэскіх партоў

З-за ўкраінскіх удараў па Крымскім мосце і Наварасійскім порце ў Расіі праблемы з вывазам збожжа

Nashaniva.com