У Мінскім раёне выявілі 40 мігрантаў

Супрацоўнікі абласнога Упраўлення грамадзянства і міграцыі пры падтрымцы АМАПа выявілі ў Калодзішчах незаконных мігрантаў з Індыі, паведамляе МУС.

04.09.2023 / 12:17

Скрыншот відэа МУС

У прыватным доме беларускі пражывалі 40 замежнікаў. У нашу краіну яны заехалі наземным транспартам з Расіі, далей планавалі прайсці ў Латвію. Беларускія візы ў іх адсутнічалі, гаворыцца ў паведамленні МУС.

Нелегалы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, прыняты рашэнні аб прымусовым выдварэнні іх з краіны. Затрыманы для высвятлення асобы 14 чалавек, якія не мелі дакументаў.

Праводзіцца праверка дзеля ўстанаўлення арганізатара каналаў незаконнай міграцыі, дадае МУС.

Апошнія тыдні асноўны кірунак нелегальнай міграцыі — Латвія, дзе няма плоту. На мяжы Польшчы і Літвы ў апошнія два тыдні фіксуецца мінімум парушэнняў.

У ліпені МУС заявіла пра затрыманне чатырох груп такіх замежнікаў.

У мінулы панядзелак міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі запатрабавалі ад Беларусі вываду групы «Вагнер», а таксама адводу мігрантаў ад мяжы і адпраўкі іх у краіны паходжання.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік 29 жніўня пацвердзіў, што разлічвае на змякчэнне палітыкі Мінска. Ён зноў нагадаў пра групу «Вагнер», а таксама пра змякчэнне міграцыйнай палітыкі. Ціск на мяжу павінен быць паменшаны, сказаў польскі чыноўнік.

«Калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, то мусіць пачаць супрацоўнічаць. Гэта відавочна павінна быць аплачана Беларусі. Можа быць, адкрыем частку памежных пераходаў, закрытых цяпер. Але калі супрацоўніцтва і рэакцыі з іншага боку не будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, закрыюць усе памежныя пераходы, не толькі дарожныя, але і чыгуначныя, і Беларусь фактычна будзе адрэзаная ад Еўропы», — рэзюмаваў Вонсік.

Nashaniva.com