«Адбылася жахлівая памылка». У Гомелі за «экстрэмізм» затрымалі праўладнага актывіста
1 верасня валанцёры пошукава-выратавальнага абʼяднання абʼявілі аб пачатку пошукаў актывіста, камуніста, сябра БРСМ Аляксандра Лебедзева. «Флагшток» даведаўся прычыну знікнення яго.
03.09.2023 / 13:19
Валанцёры прыступілі да пошукаў Аляксандра пасля пацверджання ад міліцыі, што чалавек сапраўды знік. Заява была напісана ў Чыгуначнае РАУС Гомеля.
Аднак праз некалькі гадзін валанцёры напісалі, што Лебедзеў знойдзены падчас правядзення пошукавых мерапрыемстваў, ён жывы.
Аб прычыне знікнення Лебедзева «Флагштоку» распавёў яго знаёмы:
«Адбылася класічная жахлівая памылка — Аляксандр быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў Савецкае РАУС. Гэта было 31 жніўня ў другой палове дня. Прычынай затрымання стала падпіска на адзін з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. У міліцэйскім палоне Лебедзеў правёў ноч. На наступны дзень з палону яго выручылі бацькі», — распавёў суразмоўца.
Аляксандр Лебедзеў — 22-гадовы настаўнік хіміі сярэдняй школы №49 горада Гомеля. Ён зʼяўляецца сябрам БРСМ, камуністычнай партыі, удзельнічае практычна ва ўсіх праўладных мерапрыемствах Гомеля.
Чытайце таксама:
Затрымалі супрацоўніка Гродзенскага шклозавода
За «экстрэмізм» і «пікет» аштрафавалі Паўла Якубовіча
Валянціна Болбат выйшла з Віцебскага ІЧУ пасля 30 сутак арышту