У наступныя дзесяцігоддзі працаздольнае насельніцтва Польшчы можа скараціцца больш чым на трэць
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы прадказвае значнае скарачэнне працаздольнага насельніцтва. Беларусы з украінцамі не дапамогуць.
01.09.2023 / 19:48
Як піша Bloomberg, вынікі даследавання Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы сведчаць аб тым, што колькасць працаздольнага насельніцтва краіны да 2060 года можа зменшыцца на 40% ад цяперашніх 22,2 мільёна.
Так, адпаведна нізкаму сцэнару колькасць працаздольных у 2060 годзе можа скласці ўсяго 13,3 мільёна чалавек. Высокі сцэнар прагназуе лічбу ў 16,6 мільёна (скарачэнне на 25%).
У ведамстве адзначылі, што ў 2022 годзе на 100 чалавек працаздольнага ўзросту (жанчыны 18—59 гадоў, мужчыны 18—64 гадоў) прыпадала 70 чалавек непрацаздольнага ўзросту (0—17 гадоў, 60+ / 65+).
У 2060 годзе гэты паказчык паводле асноўнага сцэнарыя можа скласці 105 чалавек.
У той жа час старэнне насельніцтва ў суседніх Украіне і Беларусі зменшыць колькасць працаўнікоў, якія патэнцыйна могуць прыехаць у Польшчу. Выхадам бачыцца адкрыццё краіны для большай колькасці мігрантаў з-за межаў Усходняй Еўропы.
Выданне адзначае, што прагнозы адлюстроўваюць змяншэнне нараджальнасці ў Польшчы і падкрэсліваюць палітычныя баталіі за адкрыццё шостай па велічыні эканомікі Еўрапейскага саюза для большай міграцыі. Падзенне, якое прагназуецца, прывядзе да большага ціску на польскую эканоміку і павысіць нагрузку на дзяржаўныя фінансы праз рост колькасці пенсіянераў.
«Для дасягнення больш высокіх узроўняў іміграцыі, якія дазволілі б хаця часткова кампенсаваць страты на рынку працы, спатрэбіцца большая дыверсіфікацыя краін паходжання імігрантаў. Гэта азначала б з'яўленне большай колькасці людзей з азіяцкіх або афрыканскіх краін», — цытуе Bloomberg справаздачу даследавання.
Як адзначае выданне, міграцыя — гэта цэнтральнае палітычнае пытанне ў Польшчы перад выбарамі ў кастрычніку. Партыя «Права і справядлівасць», якая цяпер знаходзіцца ва ўладзе, зрабіла антыімігранцкую рыторыку часткай сваёй нацыяналістычнай платформы. Такая пазіцыя сутыкнулася з эканамічнай рэальнасцю.
Bloomberg заўважае, што ў той час як Польшча трымае «дзверы зачыненымі», многія краіны на ўсходзе ЕС спакойна запоўнілі хранічны дэфіцыт на рынку працы рабочымі з нееўрапейскіх краін.
Чытайце яшчэ: