У Вільні адкрылася першая ў Еўропе крама, дзе можна бясплатна ўзяць прадукты
Плануецца, што такая крама кожны тыдзень будзе прымаць больш за 1000 чалавек.
01.09.2023 / 07:31
Фота: старонка Maisto bankas у фэйсбуку
31 жніўня ў Вільні адкрылася першая крама «Харчовага банка» (Maisto bankas), у якой тыя, хто мае патрэбу, змогуць узяць неабходныя ім прадукты, як у звычайнай краме, але за іх не давядзецца плаціць. Плануецца, што такая крама кожны тыдзень будзе прымаць больш за 1000 чалавек, піша Delfi.lt.
«Кожны чалавек хацеў бы сам выбраць прадукты, у якіх ён мае патрэбу, як у звычайнай краме, а не атрымаць паёк на складзе, адстаяўшы ў чарзе. Бо і гэтыя людзі заслугоўваюць павагі. ( … )
Па прадукты прыходзяць працоўныя людзі з невялікім дастаткам, інваліды, пенсіянеры, адзінокія мамы. І гэтае кола пашыраецца — цяпер у Вільні і Віленскім раёне, — адсюль будуць прыязджаць у гэтую краму тыя, хто мае патрэбу. Налічваецца амаль 50 000 чалавек, якія атрымліваюць дапамогу. Усе ахвотныя атрымаць дапамогу, павінны звяртацца ў староства», — сказаў кіраўнік «Харчовага банка» Сімонас Гуравічус.
Ён адзначыў, што спісы бедных людзей будуць складаць па рэкамендацыях муніцыпалітэтаў.
Кожны чалавек зможа атрымаць не больш за 5 кг прадуктаў: хлеба, гародніны, садавіны, мяса, малочных прадуктаў.
Са слоў Гуравічуса, крама, адкрытая на праспекце Канстытуцыі, — першае такое месца не толькі ў Літве, але і ва ўсёй Еўропе.
Паведамляецца, што ў краме будуць працаваць валанцёры, яны будуць весці ўлік, сартаваць, раскладваць прадукты на прылаўках і паліцах, сачыць, якую колькасць якіх прадуктаў у канкрэтны дзень можна будзе выдаць аднаму «пакупніку», бо кожны дзень для раздачы прывозяць розныя тавары.
Паводле «Харчовага банка», гэта першая такая крама, сёлета такія крамы адкрыюць таксама ў Коўне і яшчэ пяці невялічкіх гарадах.
Чытайце таксама:
У дзіцячых садах Вільні адмаўляюцца ад абавязковай ціхай гадзіны для ўсіх дзяцей. Чым гэта тлумачаць