Прадстаўнічая дэлегацыя лукашэнкаўскіх чыноўнікаў даехала да Парыжа

У аграгарадку Парыж Пастаўскага раёна днямі ўрачыста адкруцілі вентыль на праведзеным сюды газаправодзе. З гэтай нагоды сюды прыехалі адразу некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў, пішуць «Витебские вести».

31.08.2023 / 19:07

Ва ўрачыстасцях асабіста ўзялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Лукашэнкі — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Дзяржаўнага прамысловага прадпрыемства па паліве і газіфікацыі «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка, абласныя кіраўнікі «Віцебскэнерга» і «Віцебскаблгаза».

Усе разам яны запалілі полымя, а пасля адзін за адным расказалі пра бліскучыя перспектывы, якія зараз разгортваюцца перад парыжанамі.

Аляксандр Субоцін адзначыў, што «Парыж — гэта 400-ы газіфікаваны населены пункт у Віцебскай вобласці… Гэта і ёсць развіццё, якое дазваляе паляпшаць камфорт, адкрываць новыя вытворчасці».

У сваю чаргу, нядаўні аграрны міністр Ігар Брыло па старой звычцы заўважыў, што «сельская гаспадарка дае вялікі валавы прадукт» і што «важна захаваць жыццё ў вёсцы, замацаваць моладзь, стварыць утульнасць у дамах».

А старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік не стаў мудрагеліць, а замест таго проста сказаў, што з праведзеным газам «мясцовая ўлада і арганізацыі звязваюць перспектывы развіцця гэтай тэрыторыі па стварэнні новых вытворчасцяў і новых працоўных месцаў, інфраструктуры для паляпшэння якасці жыцця і забеспячэння працоўнымі рэсурсамі».

У перспектыве ў аграгарадку Парыж і вёсцы Асінагарадок скарыстацца прыродным газам змогуць больш за 80 прыватных домаўладанняў, 10 шматкватэрных жылых дамоў, а таксама бальніца, школа, бібліятэка, дом культуры, пошта. 

Чытайце таксама:

«Працаздольнасці Гарбацэвіча можна толькі пазайздросціць». Слуцкая раёнка пахваліла «Нашу Ніву»

У Парыжы забаранілі электрасамакаты

Хунта Нігера патрабуе ад'езду французскага пасла, але Парыж не збіраецца падпарадкоўвацца путчыстам

Nashaniva.com