Кіраўнік «Белай Русі» пракаментаваў канфлікт паміж Азаронкам і Вараніцай
Старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў сцвярджае, што ніякага расколу ў шэрагах партыі і грамадскай арганізацыі няма.
31.08.2023 / 12:41
Алег Раманаў. Фота: Рада Федэрацыі РФ
«Як старшыня беларускай партыі «Белая Русь» і кіраўнік РГА «Белая Русь», хачу заявіць, што ніякага расколу ў нашых арганізацыях няма. Шэрагі патрыётаў адзіныя і маналітныя. Мы жывём у свабодным грамадстве, і кожны мае права свабодна выказваць сваё меркаванне, а мары збеглых здраднікаў, якія яны мусоляць ужо цэлы тыдзень, смешныя і бессэнсоўныя.
Падтрымка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і яго палітычнага курсу, абарона нацыянальнай бяспекі нашай Радзімы ад знешніх і ўнутраных ворагаў — тыя прынцыпы, якімі мы безумоўна кіруемся. Хай ворагі беларускага народа нават не спадзяюцца на ўнутраную смуту. Мы адзіныя ў сваёй любові да Айчыны і ў нашай агульнай пагардзе да ворагаў і здраднікаў», — зазначае Алег Раманаў.
Нагадаем, што на мінулым тыдні намесніца гродзенскай філіі «Белай Русі» Святлана Вараніца абурылася дзеяннямі інфаказачкі Вольгі Бондаравай. Прэтэнзіі прарасійскай актывісткі да некаторых тэатральных спектакляў (ёй падалося, што дзяцей там вучаць талерантнасці да монстраў, а пасля і да «педафілаў і трансгендараў») нават ідэолагу «Белай Русі» падаліся абсурднымі.
Затым Святлана Вараніца ў сваім тэлеграме прайшлася па прапагандысце Рыгору Азаронку, напісаўшы, што яна не хоча, каб яе краіна станавілася «азаронкаўшчынай».
«Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб іх запалохвалі казематамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным.
Я не магу прыняць той формы, у якую звальваецца мой таварыш па партыі «Белая Русь» Рыгор Азаронак».
Яна таксама дадала, што супраць «ашалелага шальмавання рэктарскага корпуса Беларусі». «Жуку Ігару Георгіевічу ўжо з натоўпу крычалі «пацук» у жніўні 2020. З дзяржаўнага тэлеканала таксама такое пракрычалі?»
Чытайце таксама:
Кіраўніца гродзенскай «Белай Русі» патроліла Бондараву
Як пасварыліся прапагандыст СБ, вядучая канала ГУБАЗіКа і сакратарка «Белай Русі»