Краіна ўзыходзячага порна: як японская порнаіндустрыя выходзіць з ценю

Палітыкі хочуць абараніць акцёрак, але многія хочуць, каб іх проста пакінулі ў спакоі.

03.09.2023 / 19:54

Фота: gettyimages

Японская порнаіндустрыя велізарная: па розных падліках, штомесяц выпускаецца 4500 відэаролікаў, якія генеруюць абароты ў сотні мільёнаў даляраў і ў якіх занята каля 10000 выканаўцаў. Нягледзячы на ​​тое, што гэта далёка не пік — японскі порнарынак скараціўся з моманту свайго піку ў пачатку 2010-х гадоў — прадукцыя яго застаецца сур'ёзным экспартным прадуктам, у тым ліку ў Паўднёвую Карэю, дзе вытворчасць і распаўсюджванне парнаграфіі афіцыйна забароненыя. 

Нягледзячы на шалёныя абароты, індустрыя доўгі час існавала ў «шэрай» зоне. Усё змянілася ў траўні 2022 года, калі ўрад прыняў закон, накіраваны супраць рознага роду сэксуальнага прымусу, якому часта падвяргаюцца жанчыны. Цяпер закон абавязвае кампаніі падпісваць з выканаўцамі кантракты, у якіх павінна канкрэтна ўдакладняцца, што «акцёры» павінны рабіць падчас здымак. Тое, што такі закон быў прыняты парламентам Японіі, у якім дамінуюць мужчыны (толькі 15% заканадаўцаў складаюць жанчыны), для многіх было нечаканасцю, піша The Economist.

Злоўжыванні ў порнаіндустрыі даўно выклікаюць заклапочанасць японскага грамадства. Урадавае апытанне ў 2020 годзе паказала, што кожная чацвёртая жанчына ва ўзросце да 40 гадоў сутыкалася на вуліцах з прапановамі ўдзелу ў нібыта мадэльных здымках. У 14 адсоткаў з тых, хто пагадзіўся, папрасілі потым паўдзельнічаць у здымках, звязаных з сэксуальнымі дзеяннямі.

Фота: gettyimages

Праблема стала яшчэ больш актуальнай у мінулым годзе, калі Японія знізіла ўзрост паўналецця з 20 да 18 гадоў. Гэта азначае, што 18-гадовыя людзі цяпер могуць стаць законнымі ўдзельнікамі порнаіндустрыі. У сувязі з гэтым паведамляецца пра ўсплёск колькасці дзяўчын-старшакласніц, якія сталі порнаакцёркамі. Летась, перш чым узрост паўналецця быў паніжаны, 40000 чалавек падпісалі анлайн-петыцыю з патрабаваннем да заканадаўцаў дазволіць ануляваць ці прызнаваць неправадзейнымі порнакантракты з удзелам 18– і 19-гадовых людзей. Новы закон у канчатковым выніку пашырыў абарону таксама на ўсе ўзроставыя групы.

Аднак закон выклікаў жорсткую рэакцыю з боку працаўнікоў порнаіндустрыі. Перад прыняццем закона палітыкі правялі слуханні з ахвярамі галіны і групамі, якія ім дапамагаюць, але не прыкладалі асаблівых намаганняў, каб пагаварыць з прадстаўнікамі тых шматлікіх порназорак, якія добраахвотна ў гэтай галіне працуюць.

Хуткае прыняцце законапраекта (абмеркаванне доўжылася тры месяцы) таксама выклікала блытаніну адносна яго зместу. Апытанне мінулага года паказала, што ў больш чым паловы порнаакцёраў і акцёрак пасля яго прыняцця ўпалі даходы і прапановы аб працы. Акцёры і прадзюсары крытыкавалі розныя палажэнні закона як нерэалістычныя. Сярод іх забарона на здымкі на працягу месяца пасля заключэння кантракта і забарона на выпуск відэа на працягу чатырох месяцаў пасля здымак.

У 2010-х гадах Японія бачыла шэраг абвінавачанняў у прымусе. Сутыкнуўшыся з адмоўнай грамадскай рэакцыяй, порнаіндустрыя была вымушаная трансфармавацца, каб выжыць. У 2017 годзе была створаная спецыяльная назіральная арганізацыя Adult Video Human Rights & Ethics Organization, якая ўвяла правілы, згодна з якімі прадугледжваюцца кантракты, рэгулярныя праверкі і сертыфікацыя.

Фота: gettyimages

Тым не менш, наколькі палепшала порнаіндустрыя, незразумела, як і маштабы эксплуатацыі. Адсутнасць даследаванняў робіць галіну чорнай скрыняй. У той час як вялікія студыі па вытворчасці порна, як правіла, дзейнічаюць даволі празрыста, існуе мноства падпольных прадпрыемстваў, якія ігнаруюць правілы.

Некаторыя феміністычныя арганізацыі, што дапамагаюць ахвярам порнаіндустрыі, таксама выступаюць супраць новага закона, але на той падставе, што ён узаконьвае порна. Згодна з імі, у сэкс-індустрыі няма такога паняцця, як «згода» — то бок ніхто не можа купіць сэксуальную згоду як такую.

Пры гэтым усім у японскім грамадстве ёсць прынамсі кансэнсус наконт неабходнасці больш шырокіх дэбатаў аб тэрміне «згода». І хоць законы аб сэксе і правах жанчын у Японіі многімі жыхарамі краіны вызнаюцца састарэлымі, яны паціху лепшаюць. Так, сёлета ў чэрвені краіна павысіла ўзрост сэксуальнай згоды з 13 да 16 гадоў; а ў сакавіку з юрыдычнага вызначэння згвалтавання была выдаленая агаворка аб тым, што злачынства мае быць звязанае з фізічнай сілай: цяпер згвалтаванне вызначаецца як «палавы акт без згоды».

Прынамсі, у Японіі цяпер не толькі прагна сочаць за сэксам, але і гавораць пра яго сур'ёзна. Уявіць у сённяшняй Беларусі падобныя шырокія грамадскія дэбаты немагчыма.

Чытайце таксама:

Порна ў розных краінах Еўропы: у чым адрозненне

Венера за кадрам любіць іншы сэкс. Порназорка-беларуска расказала аб працы ў індустрыі інтымных фільмаў

Пара з Гродна пераехала ў Польшчу і зарабляе грошы здымкамі фільмаў для дарослых

Nashaniva.com