У Гродне з'явіўся праезд Эміля Чэчкі. Там знаходзіцца генконсульства Польшчы
У Гродне зʼявіліся новыя элементы вулічна-дарожнай сеткі, паведамляе «Гродна Плюс». Паводле рашэння дэпутатаў гарсавета, новую назву атрымаў праезд у Гродне — Эміля Чэчкі.
30.08.2023 / 12:57
У пачатку жніўня на сайце Гродзенскага гарвыканкама зʼявілася інфармацыя аб тым, што на грамадскае абмеркаванне выносіцца назва праезда ад вуліцы Будзёнага паміж дамамі 46 і 48 да вуліцы Ажэшкі паміж дамамі 47 і 49. Без дадатковых падрабязнасцей, піша s13.ru.
Гаворка йшла пра дарогу, якая ідзе праз двор будынка, у якім размешчана польскае консульства, з выхадам на вуліцу Будзёнага. Пры гэтым скразны праезд праз участак адсутнічае, на ўнутранай тэрыторыі будынка ўстаноўлены шлагбаумы.
Цяпер праезд носіць імя Чэчкі. Эміль Чэчка — польскі салдат, які ў снежні 2021 года папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Ён распавёў, што не згодны з палітыкай Польшчы ў міграцыйным крызісе, абвінаваціў Польшчу ў масавым забойстве мігрантаў. Чэчку ў сваіх мэтах актыўна выкарыстоўвала беларуская прапаганда.
У сакавіку 2022 года яго знайшлі павешаным у Мінску.
Выданне s13.ru дадае цікавы факт — цяпер Генконсульства Беларусі ў Беластоку размешчана па адрасе Skwer Wolnej Białorusi, 1. Такая інфармацыя размешчана на сайце Пасольства Беларусі ў Польшчы.
Чытайце таксама:
Польскі дэзерцір Эміль Чэчка знойдзены мёртвым у Мінску
Польскага дэзерціра Эміля Чэчку прызналі вінаватым у здзеках з маці