Сабраць дзіця ў школу: цэны параўноўваюць бацькі ў Беларусі, Літве і Польшчы

Спыталіся ў бацькоў у Беларусі, Літве і Польшчы, колі грошай сёлета яны выдаткавалі на тое, каб сабраць дзяцей у школу.

29.08.2023 / 16:03

Беларусь. «Шопінг абышоўся ў 865 рублёў»

У Марыны дачка-першакласніца, таму шмат адзення прыйшлося набываць менавіта для школы.

Фота чытачкі

«З садочка засталася толькі спартыўная форма, якую мы якраз нядаўна мянялі, ды кеды. Для школы набылі шэсць розных варыянтаў убораў. Гэта сукенка, пяць гольфаў, тры спадніцы, штаны, сарафан. За ўсё гэта заплацілі каля 325 рублёў. Туфлі з натуральнай скуры каштавалі 100 рублёў. Басаножкі на зменку — 140 рублёў.

А яшчэ ў школе сказалі, што нам абавязкова трэба будзе набыць «фірмовую» камізэльку — каштуе каля 40 рублёў. Заплечнік мы замовілі ў інтэрнэт-краме за 110 рублёў. На канцтавары патрацілі 150 рублёў.

Атрымліваецца, школьны шопінг абышоўся нашай сям’і прыкладна ў 865 рублёў. Шчыра кажучы, я думала, што будзе горш — планавала ўкласціся хаця б у 1500 рублёў.

Добра, што змаглі зэканоміць. Хачу адзначыць, што мы вельмі бюджэтна апранулі дачку, бо большую частку адзення набылі ў «Марк Фармэлі». Канешне, могуць быць пытанні адносна якасці, але ж дзеці так хутка вырастаюць з усяго… Спадзяваюся, дачцэ хопіць. Бо ў іншых крамах я бачыла сарафаны па 160 рублёў і блузкі па 80. Ледзь не страціла прытомнасць ад гэтых коштаў! І дзіцячых туфлікаў за 200 з лішнім рублёў таксама шмат на прылаўках».

У сям’і Дар’і тры дачкі-школьніцы. На тое, каб сабраць іх у школу, бацькі патрацілі больш за 700 рублёў.

Але ёсць важны нюанс: адзення і абутку для дзяўчынак наогул не куплялі. Шмат рэчаў засталося з мінулага навучальнага года і малодшыя будуць даношваць за старэйшымі. Плюс сяброўкі аддалі ўборы, з якіх выраслі іх дзеці. Так што ўвесь бюджэт пайшоў на тры заплечнікі і канцылярскія тавары.

У Лізаветы дачка пойдзе ў другі клас.

«Вельмі пашанцавала, што ў мяне акуратная дзяўчынка. Яе леташнія туфлі ў выдатным стане, можна працягваць насіць. Гольфікі і блузкі я купляла ў канцы навучальнага года, калі былі добрыя зніжкі. Не магу ўспомніць, колькі за іх аддала. Зараз купіла сарафан. Цана пытання — 80 рублёў. Заплечнік за 115 рублёў падарыла бабуля, яна ж купіла частку канцтавараў. Я дакупіла тое, чаго не хапала з канцылярыі — аддала 150 рублёў».

У Алесі двое дзяцей вучацца ў 7 і 8 класах. Пакуль у крамах тоўпіцца шмат людзей, сям’я вырашыла набыць неабходны мінімум, а за новым адзеннем пайсці ўжо восенню, калі не будзе кіламетровых чэргаў.

«Пакуль мы набылі толькі самае неабходнае з канцылярыі на першы час — атрымалася 103 рублі на двух дзяцей. Гэта атласы, дзённікі, 15 сшыткаў, цыркуль, 6 асадак, 6 простых алоўкаў, цыркуль, 2 ласцікі.

Але ж, напрыклад, неабходныя працоўныя сшыткі мы яшчэ не ўсе адшукалі, таму сума не канчатковая. Вырашылі, што не будзем купляць як раней оптам асадкі ды алоўкі на ўвесь навучальны год, плануем дакупаць па меры неабходнасці. Цешыць, што мае дзеці ўжо ў старэйшай школе, таму не патрэбны ўсялякія наборы паперы, каляровыя алоўкі, фламастары, фарбы, клей… Гэта ўсё цягнула шмат грошай».

Алеся адзначае, што цэны, калі параўноўваць з мінулым годам, значна выраслі нават на беларускія тавары.

«Я нават захавала чэкі: у мінулым годзе самы просты сшытак 12 лістоў каштаваў 12 капеек, а зараз 22. І так з усім».

Літва. «На форму выдаткавалі 140 еўра»

Вераніка дзеліцца, што ў Беларусі яе дзеці вучыліся ў прыватных школах — формы там не патрабавалі, а канцтавараў купляць даводзілася мінімум (школа сама раздавала неабходнае).

Скрын сайта адзення

«У гэтым годзе ў Літве я набыла дачцэ заплечнік за 60 еўра (207 рублёў). Яна пойдзе ў чацвёрты клас у новую школу, дзе ёсць школьная форма. На форму мы выдаткавалі 140 еўра (483 рублі) — гэта спадніца, гетры, штаны, блузка і камізэлька з эмблемамі школы.

Фота чытачкі

У сына-васьмікласніка ў школе да адзення менш патрабаванняў. Просяць, калі джынсы, то не рваныя. Майкі, кофты — без яркіх прынтоў, аднатонныя або з невялікім адным малюнкам. Большая частка адзення засталася з мінулага года. Прыкінулі, што дакупіць трэба яшчэ еўра на 120 (414 рублёў). Купілі красоўкі з думкай, што ён будзе ў іх хадзіць у школу — за 119 еўра (411 рублёў). На канцтавары для яго патрацілі 30 еўра (104 рублі)».

Сын у Алены пойдзе ў 8 клас. Яна смяецца, што ўжо і забыла, што значыць сабраць дзіця ў школу:

«У мяне зараз як у анекдоце: сын сказаў, што нічога купляць да школы не трэба — пара сшыткаў з мінулага года ў яго засталася, а асадку ён у класе на падлозе знойдзе. Насамрэч, у яго ў школе няма школьнай формы (хоць у многіх школах у Вільні яна ёсць), таму ніякага дадатковага адзення купляць не трэба. Я з жахам успамінаю, колькі ў нас ішло на гэта ў Беларусі.

У нашай школе патрабавалі толькі беласнежныя кашулі. Я лаялася з-за таго, што адміністрацыя не дазваляла нават кашулі малочнага колеру — не тое адценне. У мяне не вельмі акуратнае дзіця, таму белых кашуль трэба было мінімум пяць — каб я магла кідаць іх у пралку оптам на выходныя. 

А яшчэ ў класнай кіраўніцы быў свой пункцік на тэму шкарпэтак. Яна прымушала хлопчыкаў закасваць штаны і правярала, якія шкарпэткі яны носяць. Многія насілі кароткія шкарпэткі, а яна лічыла, што ў школу можна насіць толькі доўгія. І вось аднойчы яна за свае грошы купіла ўсім «злосным парушальнікам» правільныя шкарпэткі і стала патрабаваць з бацькоў грошы за тое, што адзявае нашых дзяцей. Я прынцыпова адмовілася вяртаць: у рэшце рэшт, я не прасіла яе купляць майму сыну шкарпэткі (якія ён бы ўсё роўна не насіў) — гэта яе асабістая ініцыятыва.

Цяпер мой муж даў сыну нейкую не вельмі вялікую суму, каб ён сам купіў сшыткі і асадкі, якія яму падабаюцца. Калі спатрэбіцца нешта яшчэ, купім падчас навучальнага года».

Сын Паліны — трэцякласнік. Яна кажа, што кошт школьнага шопінгу ў Літве супастаўны з Беларуссю.

«У сына ў школе ёсць школьная форма, таму толькі на яе мы патрацілі каля 150 еўра (518 рублёў) — набылі штаны, вадалазкі, футболкі, швэдар, кофту, зменку… А яшчэ было патрэбна набыць форму і абутак для фізкультуры. На заплечнік пайшло 50 еўра (173 рублі), на спецыяльныя сшыткі — 70 еўра (242 рублі), звычайнай канцылярыі спіс быў даволі вялікі. Прыкінулі, што на ўсё мы патрацілі недзе 350 еўра (1208 рублёў)».

Польшча. «Галоўная эканомія — не трэба купляць школьную форму»

Юлія пераехала ў Польшчу з сынамі яшчэ ў мінулым годзе, так што гэты навучальны год стане для іх другім у гэтай краіне.

«Год таму мы куплялі ўсё з нуля. Зараз нам, напрыклад, не патрэбны заплечнікі — тыя, што ёсць, у добрым стане. У сярэднім тут адзін заплечнік каштуе 60 злотых (каля 46 рублёў). Папяровымі дзённікамі ў Польшчы не карыстаюцца, толькі электроннымі — а гэта значыць, што і дзённік, і вокладка для яго непатрэбны. Тонкімі сшыткамі таксама асабліва не карыстаюцца ў старэйшай школе, сшыткаў на 48 і 96 лістоў патрэбна 10-12 штук. У сярэднім адзін сшытак каштуе 3-7 злотых (2,3-5,4 рублі). На ўсю астатнюю канцылярыю трэба максімум злотых 50 (прыблізна 39 рублёў).

Канешне, галоўная эканомія атрымліваецца за кошт таго, што не трэба купляць школьную форму. Адзінае, на святы тыпу 1 верасня ці канца навучальнага года просяць прыйсці больш афіцыйна — каб была белая кашуля або футболка без надпісаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

Тут трэба яшчэ ўдакладніць, што польская дзяржава штогод выдзяляе па 300 злотых (230 рублёў) для вучняў на збор у школу. Для таго, каб купіць заплечнік і канцылярыю гэтых грошай хапае. Сямейны бюджэт абсалютна не адчувае школьны шопінг. Няма такога: «Давай пачнём эканоміць на чымсьці, таму што нам дзяцей яшчэ ў школу збіраць».

У Беларусі ж я да верасня пачынала рыхтавацца яшчэ ў траўні. Канцылярскіх тавараў патрабавалася больш у разы — і цэны на іх былі адчувальна вышэйшыя. Больш за ўсё трацілі на адзенне — трэба было купляць штаны, пінжакі, туфлі (цяпер сыны туфлі і не носяць практычна — ну не любяць дзеці гэты абутак). Гэта была нейкая бясконцая гісторыя. Купляеш касцюм — да яго патрэбна кашуля белая, кашуля на змену, цёмная кашуля, класічны швэдар на халодную пару года… І гэта з года ў год, таму што дзеці растуць. Вельмі цешыць тое, што ў Польшчы такога няма. У чым дзіця ходзіць, у тым і ходзіць.

Нават калі дзіця прыйдзе на ўрок у байцы з капюшонам і забудзецца яго зняць, настаўнік не стане лаяцца, а хутчэй за ўсё патэлефануе бацькам і спытае: «Можа быць, нешта здарылася? Можа быць, у дзіцяці стрэс, раз ён хоча так схавацца, і яму патрэбна дапамога?».

Як маці, мне больш падабаецца школьная сістэма тут. Я калі ў сваіх дзяцей пытаю, ці жадаюць яны вярнуцца ў Беларусь, яны адказваюць: «У Беларусь — так, у беларускую школу — не». Вельмі непрыемныя ўспаміны ў іх засталіся».

Мая з трыма дзецьмі школьнага ўзросту пераехала ў Беласток у гэтым годзе.

«Галоўны плюс падрыхтоўкі да школы ў Польшчы ў тым, што тут не трэба купляць спецыяльнае адзенне толькі для школы.

У Беларусі ў мяне ў мінулым верасні толькі на адзенне да школьнага сезону старэйшаму сыну сыходзіла каля 600 рублёў: штаны — 50 рублёў (трэба тры пары), кашулі — 40 рублёў (хаця б дзве), світшот — 50 рублёў, футболкі пола — 30 рублёў (тры штукі), спартыўны касцюм — 100 рублёў, абутак — 80 рублёў, красоўкі — 100 рублёў.

І гэта яшчэ без уліку якога-небудзь гальштука ці значка, які патрабуе школа. А потым яшчэ хаця б 100 рублёў трэба было аддаць за заплечнік і каля рублёў 300 я траціла на канцылярыю. Спісы канцылярыі з усіх школ у Беларусі, дзе вучыліся мае дзеці, былі проста неміласэрныя. Трыста рублёў на дзіця ўляталі лёгка. Вось і атрымлівалася больш за 1000 рублёў на экіпіроўку аднаго дзіця з трох маіх.

Зараз планую патраціць прыкладна нуль. Мы пераехалі ў Польшчу ў канцы мінулага навучальнага года і ЮНІСЕФ падарыў дзецям усё, што неабходна — ад заплечнікаў да бутэлек для вады.

У тым ліку і шмат канцылярыі: фарбы, алоўкі, фламастары, пеналы, клей, ручкі, ласцікі і іншае — вельмі шмат, з разлікам, каб хапіла на год. Так што зараз нічога з гэтага нам не трэба дакупляць. Але ведаю па расповедах знаёмых, што іх бюджэт на пакупку канцтавараў склаў каля 200 злотых (прыкладна 154 рублі) — трэба проста рабіць пакупкі на распродажах. Кнігі і працоўныя сшыткі ў школах выдаюць бясплатна.

У Польшчы і на ўрокі, і на фізкультуру можна хадзіць у адных і тых жа джынсах. Так што мае дзеці пойдуць у школу ў тым, што і так носяць. З такім падыходам жыць нашмат лягчэй: ты проста на працягу года купляеш тое, што дзіця хоча насіць.

У Беларусі мяне вельмі злавала тое, што неабходнасць школьнай формы чыноўнікі тлумачылі так: гэта для таго, каб не відаць было, хто багата адзяваецца, а хто бедна. Дзякуй вялікі за клопат, выкладу 600 рублёў каб апрануць дзіця да школы!

Я на самой справе лічу, што дзецям са школы карысна бачыць, што ўсе мы розныя. Гэты багаты, гэты бедны, гэты руды, гэты касавокі, гэты заікаецца, а ў таго аўтызм — але пры гэтым мы ўсё роўныя і паважаем адно аднаго».

Чытайце таксама:

Аляксандр Глеб сабраў у школу дачку-першакласніцу. Ці хапіла рэкамендаванай чыноўнікамі сумы?

У мінскіх школах з наступнага года падумваюць увесці адзіную форму — з дзяржаўнай сімволікай

«На нарадзе ў губернатара мы не лезем па тэлефон». Чыноўнікі расказалі, калі дзецям можна карыстацца мабільнікамі ў школе

Ганна Стафановіч