Як «Кіберпартызаны» выцягнулі міліцэйскія базы і навошта па некалькі разоў узломваць Акадэмію кіравання

Прадстаўніца «Кіберпартызан» Юліяна Шаметавец у выпуску ютуб-канала «Ток» распавяла пра тое, як актывісты выпампавалі міліцэйскія базы і што ў іх, а таксама адказала, які сэнс узломліваць сайты «Прэсбола» і Акадэміі кіравання Лукашэнкі.

28.08.2023 / 15:42

Юліяна Шаметавец адзначае, што ў «Кіберапартызан» шмат баз, да якіх яны атрымалі доступ, але пакуль «замарозілі» іх выкарыстанне. Скрын відэа «Ток»

Якімі базамі валодаюць «Кіберпартызаны»

Юліяна Шаметавец адзначыла, што цяпер у «Кіберпартызан» каля 20 розных базаў. Сярод вялікіх — база па перасячэнні мяжы за апошнія 15 гадоў абсалютна ўсіх грамадзян (як беларусаў, так і замежнікаў), таксама такія важныя базы, як «Беспарадкі», крымінальных і адміністрацыйных спраў, службы 102, база адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама база па маёмасці.

«У прынцыпе, гэта ўзровень дзяржавы. Толькі яна можа мець такія базы. У нармальных дзяржавах гэтыя базы размеркаваныя паміж рознымі ведамствамі.

Рэжым не змог абараніць гэтыя даныя. Зараз гэта наша адказнасць — абараніць даныя беларусаў, каб яны не патрапілі ў нейкія дрэнныя рукі, каб яны іх выкарыстоўвалі на сваю карысць.

Гэтыя звесткі цяпер знаходзяцца на бяспечных серверах. Доступ да даных маюць не больш за тры чалавека», — адзначае Шаметавец.

Як выпампоўваліся міліцэйскія базы

Па словах Шаметавец, базы «выцягваліся» анлайн. Ва ўзломе базаў МУС дапамагалі «партызаны на зямлі». Яны забяспечылі першы доступ, а потым іншыя працавалі ўнутры сістэму анлайн:

«Гэта было вельмі цяжка арганізаваць, бо патрабавалася і месца, і час.

У нас былі выпампаваныя запісы размоваў, якія запісваў МУС. Яны складаюць 50 тысяч гадзін.

Калі гэта праслухоўваць, то невядома колькі год спатрэбіцца. Але па відэа выкачалася не так шмат, як бы хацелася. Уся праца па выкачванні была нон-стоп.

Аднак самае галоўнае было настроіць пошук для працы з базамі, каб гэта было бяспечна, каб мы маглі перакідваць не ўсю інфармацыю. Мы дамовіліся, што можна перадаваць асабістыя даныя людзей, якія звязаны з рэжымам. Пра тых, хто не звязаны, ці адносна іх не зразумела, мы перадаём інфармацыю без асабістых звестак», — распавяла прадстаўніца «Кіберпартызан» і заўважыла, што зараз яны шукаюць грошы на тое, каб аплаціць паслугі па захоўванні даных.

Пра атакі «Кіберпартызан» і іх сэнс

Шаметавец распавяла, што «Кіберпартызаны» атрымалі доступ шмат да якіх рэсурсаў, але яны «замарозілі» яго да таго часу, пакуль гэта спатрэбіцца.

«Стратэгічна трэба разумець: як зараз будзе ўплываць на сітуацыю тое, што цяпер узламаў. Яно можа не спрацаваць для грамадства. Я думаю, што колькасць такіх рэсурсаў можа даходзіць да сотні. Мне казалі, што гэта вельмі маштабна і не хапае рук, каб усё апрацоўваць».

Калі гаварыць пра ўзлом сайта «Прэсбола», то гэта было зроблена ў рамках кампаніі «пятніцы-дэфэйсніцы»: «Трэба разлічваць, што ў нас ёсць праца па правядзенні атак унутры сістэмы, а ёсць проста «дэфэйс», што значыць проста памяняць вокладкі на сайце, а не залезці ўнутр сістэмы. Гэта робіцца, каб прывабіць, далучыць людзей да гэтых атак. Яны нам скідвалі свае вельмі цікавыя арт-працы, каб выкласці на гэтыя сайты», — тлумачыць Шаметавец.

Не пра ўсе працы, якія праводзяць «Кіберпартызаны», паведамляецца шырокай публіцы.

Што тычыцца частых узломаў рэсурсаў Акадэміі кіравання, то Шаметавец гэта тлумачыць неабходнасцю «выкласці што-небудзь цікавае», напрыклад, зварот палка Кастуся Каліноўскага ці інфармацыю на Дзень Волі.

«Мы выкарыстоўваем яго як пляцоўку для данясення інфармацыі. Гэта вельмі весяліць беларусаў», —

падкрэслівае прадстаўніца ініцыятывы.

Глядзіце цалкам:

Антось Жупран