Расійскі баявік заехаў у Фінляндыю пад новым іменем дзякуючы вучобе жонкі
Адзін з лідараў групоўкі расійскіх баевікоў «Русіч» Ян Пятроўскі, якога затрымалі ў Фінляндыі, заехаў у краіну дзякуючы новаму імені, а таксама вучобе сваёй жонкі.
27.08.2023 / 21:10
Ян Пятроўскі
Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», Helsingin Sanomat распавяла адвакат Пятроўскага Наталля Мальгіна.
Паводле слоў юрысконсульта баевіка, той атрымаў дазвол на жыхарства ў Фінляндыі на імя Ваіслава Тордэна на падставе вучобы сваёй жонкі, якая атрымала месца ў адным з фінскіх універсітэтаў прыкладных навук.
Баевіка-неанацыста ўключылі ў санкцыйны спіс ЕС пад іменем Ян Пятроўскі. Ён заехаў у Фінляндыю на аўтамабілі праз пункт пропуску Ваалімаа 19 ліпеня ў суправаджэнні жонкі і траіх дзяцей.
Пятроўскага затрымалі ў вестыбюлі аэрапорта Хельсінкі-Вантаа 20 ліпеня па падазрэнні ў іміграцыйных злачынствах, калі ён з сям'ёй накіроўваўся ў Ніцу (Францыя), каб наведаць сваякоў.
Раней паведамлялася, што Офіс генеральнага пракурора Украіны рыхтуе матэрыялы для экстрадыцыі аднаго з лідараў групоўкі расійскіх баевікоў «Русіч» Яна Пятроўскага.
Расіянін фігуруе ў расследаванні Службы бяспекі Украіны «паводле падазрэння ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі». Паводле звестак следства, Пятроўскі ў 2014 годзе сумесна з тэрарыстамі «ЛНР» ваяваў супраць Украіны ў складзе так званай «дыверсійна-штурмавой разведвальнай групы «Русіч».
Пра арышт Яна Пятроўскага ў Фінляндыі ў пятніцу паведамілі фінскія медыя. Мужчыну ўнеслі ў санкцыйны спіс ЕС і ЗША за дзеянні, якія пагражаюць суверэнітэту і незалежнасці Украіны, а таксама бяспецы краіны.
Пятроўскі, які ў юнацтве некалькі гадоў жыў у Нарвегіі, таксама ўдзельнічаў у вайне ў Сірыі ў складзе ультраправай групоўкі, якая ваюе на баку рэжыму прэзідэнта Башара Асада. Нарвегія дэпартавала мужчыну ў Расію ў 2016 годзе, бо ён лічыўся пагрозай бяспецы.