Зяленскаму паказалі словы Ціханоўскай пра дапамогу ў вызваленні Беларусі. Вось як ён адрэагаваў

У інтэрв'ю ўкраінскай журналістцы Наталлі Масяйчук прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаўся наконт лёсу Беларусі.

27.08.2023 / 20:07

Уладзімір Зяленскі. Скрын відэа інтэрв'ю Наталлі Масяйчук

Журналістка ў канцы размовы з Зяленскім уключыла яму кавалак свайго інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай (яно выйшла два месяцы таму). Там палітык казала, што не выключае, што можа звярнуцца да Зяленскага з просьбай вызваліць Беларусь.

Прэзідэнт Украіны пракаментаваў пачутае.

«Я лічу, што перамога Украіны паставіць кропку», — адзначыў ён і ўдакладніў, што перамога вырашыць пытанне не толькі Беларусі, але і Малдовы, і Грузіі.

«Я ўпэўнены, перамога Украіны дасць магчымасць палітычнаму рашэнню дэмакратыі і вяртанню цэласнасці тых дзяржаў», — сказаў Зяленскі.

«Я ўпэўнены, не трэба думаць спадарыні Ціханоўскай пра арміі іншых дзяржаў», — дадаў ён.

Святлана Ціханоўская пасля 2020 года не наведвала Украіну. Яна тлумачыла, што для гэтага, з улікам яе статусу ў Літве, дзе жыве палітык, мусіць быць адмысловае запрашэнне з боку ўкраінскіх улад. Але з Міхаілам Падаляком сустракаліся іншыя прадстаўнікі Офіса — Павел Латушка (у маі 2023-га), Валер Кавалеўскі (у чэрвені). 

Ціханоўская бачылася з Зяленскім на ўручэнні прэміі Карла Вялікага ў Аахене. Яны паціснулі адно аднаму рукі.

Чытайце таксама:

Кавалеўскі расказаў, пра што гаварыў з Падаляком

«Не стаяла пытанне — сустракацца са мной ці з Ціханоўскай». Пра што Латушка гаварыў у Кіеве з Падаляком?

Зяленскі паціснуў руку Ціханоўскай 

Nashaniva.com