Паліна Шарэнда-Панасюк, пратэстуючы супраць бясконцых здзекаў, абвясціла галадоўку

23 жніўня палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк абвясціла галадоўку, піша «Вясна». Яна цалкам адмовілася ад ежы. Гэта яе пратэст супраць тых жудасных умоў, якія стварыла для Паліны адміністрацыя ІЧУ Рэчыцкага РАУС.

27.08.2023 / 14:41

Пасля прыбыцця ў ізалятар Паліну змясцілі ў камеру-адзіночку з поўнай антысанітарыяй і з насякомымі.

У яе забралі ўсе асабістыя рэчы і прадукты, якія яна прывезла з сабой.

Спаць яна павінна на жалезных крывых пласцінах «шконкі», бо ёй не выдалі ніякіх пасцельных рэчаў. Яе не выводзяць на прагулкі і забаранілі ўсе віды перадач.

Таксама стала вядома, што ў рэчыцкім ІЧУ ў Паліны прайшлі апошнія следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». На будучым тыдні справу перададуць у пракуратуру, а затым у суд Рэчыцкага раёна.

Паліна павінна была выйсці на волю мінулым летам, але яе асудзілі да яшчэ 1 года калоніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».

Nashaniva.com