Заходнія разведкі мяркуюць, што самалёт Прыгожына ўпаў пасля выбуху на борце — медыя
The New York Times і Associated Press са спасылкай на дасведчаных суразмоўцаў пішуць, што заходнія разведкі лічаць найбольш імавернай прычынай крушэння самалёта з кіраўніком ПВК «Вагнер» выбух на борце. Пра гэта гаворыцца ў іх матэрыялах ад 24 жніўня, піша «Еўрапейская праўда».
24.08.2023 / 21:42
Ушанаванне загінулых Прыгожына і Уткіна ў Растове-на-Доне. Фота: Vladimir Alexandrov / Anadolu Agency via Getty Images
Ад «амерыканскіх і іншых заходніх чыноўнікаў» журналісты NYT даведаліся, што, згодна з папярэднімі данымі разведкі, магчымай прычынай гібелі самалёта з кіраўніцтвам «Вагнера» лічаць выбух на борце.
Канчатковых высноў яшчэ няма, аднак выбух называюць «асноўнай тэорыяй». Мяркуюць, што выклікаць яго магла бомба або іншая прылада на борце, хоць не адпрэчваюць і іншых варыянтаў, такіх, як няякаснае паліва.
Спадарожнікі, якімі карыстаюцца ЗША для збору звестак, не зафіксавалі пуску ракеты, і няма іншых доказаў таго, што самалёт збіла ракета «зямля — паветра».
Амерыканскія суразмоўцы NYT кажуць, што амерыканская разведка яшчэ не пацвердзіла факта гібелі Прыгожына, хоць многія чыноўнікі лічаць гэта магчымым. І амерыканскія, і еўрапейскія суразмоўцы журналістаў мяркуюць, што самалёт тым ці іншым спосабам знішчылі на загад прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Associated Press са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў таксама піша пра выбух у якасці асноўнай версіі. Іх суразмоўцы не ўдаваліся ў дэталі здагадак, што магло выклікаць выбух.
Раней агенцтва Reuters са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што ў ЗША схіляюцца да версіі з ракетай, хоць гэта папярэднія здагадкі.
Як вядома, у сераду ўвечары расійскія СМІ і Расавіяцыя паведамілі, што ў Цвярской вобласці разбіўся самалёт, сярод пасажыраў якога быў зарэгістраваны заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын і ягоны намеснік Дзмітрый Вагнер Уткін, чый пазыўны даў назву групоўцы.
Чытайце таксама:
На месцы падзення прыгожынскага «Эмбраера» знайшлі зброю
З'явілася яшчэ адна версія выбуху ў самалёце Прыгожына
Целы загінулых у авіякатастрофе бізнэс-джэта Прыгожына нельга апазнаць