«Бабулька-сімпапулька». Гомельскія прапагандысты скаардынавалі ботаў, каб даказаць рэальнасць кіберпенсіянеркі

Ідэолагі адрэагавалі на нядаўнюю публікацыю выдання «Флагшток» аб стварэнні прапагандыстамі фальшывага вобразу гомельскай пенсіянеркі пры дапамозе нейрасеткі. Замест прызнання фальсіфікацыі работнікі ідэалагічных службаў, як піша «Флагшток», далі загад пакідаць каментары пра тое, што гомельская пенсіянерка сапраўдная, проста яна вельмі добра выглядае.

24.08.2023 / 18:25

Першыя такія каментары з'явіліся пад публікацыяй «Флагштока» ў тэлеграме. Найбольш актыўным каментатарам, як адзначае выданне, стала Кацярына Краўчанка — старшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Лоеўскага райвыканкама.

«Як па мне, фота сапраўднага чалавека, проста фота прафесійнае і фатографу рэспект. Проста трохі растушавалі фон і ярчэйшыя адценні фарбаў», — напісала дзяржслужачая.

Характэрна, аднак, што адзін з каментатараў прызнаў штучнасць фота: «Інфармацыя ў артыкуле адпавядае рэальнасці, а тое, што ў яе напісанні выкарыстаная нейрасетка, дык свет не стаіць на месцы».

Для каментароў у сетцы «ВКонтакте» была выкарыстаная сетка акаўнтаў з фальшывымі фатаграфіямі. Усе яны звязаныя з раённымі органамі ўлады ці ўстановамі культуры (Петрыкаў, Рэчыца, Чачэрск) і прыкметныя сваімі каментарамі пад публікацыямі, дзе ўлады імкнуцца адстаяць свае пазіцыі.

Адзін з фальшывых акаўнтаў так адпрацаваў заданне:

«Бабулька-сімпапулька. Прыемна паглядзець, думаю, без фільтра будзе глядзецца не горш. А для чаго перамыванне артыкула, цяпер моладзь фота без апрацоўкі не выстаўляе ў сеткі і гэта норма, а тут ужо ўсё — трагедыя».

Каардынатарам ботаў, верагодна, выступіў начальнік аддзела інфармацыйна-аналітычнай работы ўпраўлення ідэалогіі Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Ісачанка. Менавіта яго тэлеграм-канал першым адрэагаваў на публікацыю «Флагштока», піша выданне.

Чытайце таксама:

Актывістка БРСМ узначаліла скандальную гомельскую раёнку. Шлях ад пачаткоўца да кіраўніцы заняў крыху больш за год

«Уся гэта вайна нам нах** не патрэбна». Cмерць Прыгожына адбілася на настроях беларускіх і расійскіх прапагандыстаў

«І са свайго сайта прапагандысты інфармацыю прыбралі». Як цяпер выглядае ў Жодзіне пераход, калісьці распіяраны як «інавацыйны»

Nashaniva.com