На поўдні Польшчы ў раёне Жэшава зафіксавалі ўспышку легіянелёзу, таксама вядомага як «хвароба легіянераў»
Як паведамляюць польскія медыя, наяўнасць захворвання на легіянелёз ужо пацверджаная ў 76 пацыентаў. Эксперты адзначаюць, што сітуацыя незвычайная.
24.08.2023 / 16:15
Бактэрыі Legionella pneumophila. Фота: Wikimedia Commons
Як паведамляе Portal Samorządowy.pl, у ноч на 24 жніўня ў гарадской бальніцы Жэшава памерла пятая ахвяра легіянелы — 79-гадовая жыхарка горада.
Днём раней у той жа ўстанове памёр 70-гадовы мужчына. Яшчэ трое чалавек памерла ва Універсітэцкай клінічнай бальніцы і ў Падкарпацкім цэнтры лёгачных захворванняў.
Паведамляецца, што ў гарадской бальніцы Жэшава ў 15 чалавек пацверджаны легіянелёз. Двое пацыентаў знаходзяцца ў цяжкім стане ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Адзінаццаць пацыентаў знаходзяцца ва Універсітэцкай клінічнай бальніцы і дзевяць у Падкарпацкім цэнтры лёгачных захворванняў.
Санітарная інспекцыя 24 жніўня раніцай паведаміла, што легіянела (Legionella pneumophila) ужо пацверджаная ў 76 пацыентаў, большасць шпіталізаваных — 54 чалавекі — у Жэшаве. Колькасць пацярпелых хутка расце. Яшчэ 22 жніўня лічба складала 51 чалавек.
Санітарная інспекцыя таксама паведаміла, што па стане на 24 жніўня адабрана для аналізу 56 проб вады як у горадзе, так і ў двух паветах. Вынікі чакаюцца ў пачатку наступнага тыдня.
Некалькі дзён таму ў Жэшаве адключылі фантаны, вадзяныя заслоны і пітныя фантанчыкі, а таксама стварылі муніцыпальны крызісны штаб. Сітуацыя настолькі сур'ёзная, што горад, не дачакаўшыся вынікаў, вырашыў правесці дэзынфекцыю гарадскога водаправода.
У ноч з 23 на 24 жніўня ў Падкарпацкім ваяводскім упраўленні сабралася экстранна скліканая крызісная група. У Жэшаў прыехалі міністр і намеснік міністра аховы здароўя.
Пасля пасяджэння Міністэрства аховы здароўя паведаміла ў сацыяльных сетках, што «варыянт муніцыпальнага водаправода як крыніцы заражэння правяраецца».
У інтэрв'ю Medionet.pl загадчыца аддзялення інфекцыйных хвароб адзначыла, што заражэнне бактэрыяй легіянелы звязана з высокай смяротнасцю — ад 5 да нават 30—50%.
«Эпідэміялагічнае расследаванне абавязкова нешта пакажа, таму што малаверагодна, каб незалежна адно ад аднаго ў некалькіх месцах раптоўна пачаліся захворванні, выкліканыя легіянелай. Такія эпідэміі ўспыхваюць рэдка. Таму найбольш імаверны агульны ачаг заражэння», — падкрэсліла эксперт.
Па словах лекаркі, для заражэння бактэрыямі легіянелы неабходная цёплая вада. Такога не бывае там, дзе холадна. Аптымальная тэмпература для росту бактэрый прыкладна такая ж, як і ў арганізме чалавека, — каля 37—38 градусаў. Хуткасць размнажэння бактэрый значна падае пры тэмпературы ніжэйшай за 20 градусаў, а час яе выжывання істотна памяншаецца пры тэмпературах вышэйшых за 50 градусаў.
Спецыялістка дадае, што сістэмы гарачага водазабеспячэння, кандыцыянавання, вентыляцыі — найбольш крытычныя месцы пры пошуку крыніцы інфекцыі, бо легіянелай людзі заражаюцца пры ўдыханні аэразоляў, якія змяшчаюць узбуджальнік. Затым ён паражае дыхальныя шляхі.
Людзі не сутыкаюцца з рызыкай захварэць увесь час, бо на водаправодных станцыях гарачая вада павінна быць такой тэмпературы, каб не развіваліся гэтыя бактэрыі, выкарыстоўваюцца дэзынфекцыйныя сродкі. У гэтых адносінах дзейнічаюць строгія правілы. Таму, па словах лекаркі,
на Падкарпацці павінна было адбыцца нешта выключнае, каб такое заражэнне адбылося. Гэтая сітуацыя вельмі незвычайная.
Чытайце яшчэ: