Міністр юстыцыі прапанаваў, каб адвакаты, якіх прынялі ў калегію да 2017 года, давалі прысягу

Пры гэтым міністр юстыцыі прапанаваў правесці мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы, прымеркаваўшы яго да аднаго з дзяржаўных святаў.

23.08.2023 / 07:39

Фота: Міністэрства юстыцыі

Адвакатам, прынятым у калегіі да 2017 года, неабходна прынесці прысягу. На гэта звярнуў увагу міністр юстыцыі Сяргей Хаменка на пашыраным пасяджэнні рады Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, паведамляе БелТА.

Пры гэтым міністр юстыцыі прапанаваў правесці мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы, прымеркаваўшы яго да аднаго з дзяржаўных святаў.

Як растлумачылі ў прэс-службе Мінюста, норма аб прыняцці прысягі адвакатамі ўнесеная ў закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» у 2017 годзе. Да гэтага прысягу адвакаты не прымалі.

Гаворачы аб падтрыманні дысцыпліны і законнасці ў адвакацкай супольнасці, Сяргей Хаменка падкрэсліў: «Выконваючы патрабаванні заканадаўства, кожны адвакат уносіць свой уклад у падтрыманне іміджу адвакатуры».

Намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, у сваю чаргу, адзначыў, што Міністэрствам юстыцыі ў тэрытарыяльных калегіях праведзена велізарная прафілактычная работа, якая дала станоўчыя вынікі.

За тры мінулыя гады некалькі дзясяткаў адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій за тое, што баранілі палітвязняў, а некалькі чалавек асуджаныя, сярод іх Віталь Брагінец, Аляксандр Данілевіч, Максім Знак, Юлія Юргілевіч ды інш. Сотні чалавек пакінулі прафесію. 

Чытайце таксама:

Мінюст працягвае чыстку адвакацкага корпуса

Адвакаты, пазбаўленыя права на прафесію, аб'ядналіся ў асацыяцыю

Яшчэ тры адвакаты не прайшлі пазачарговую атэстацыю

Nashaniva.com