Памёр італьянскі спявак Тота Кутуньё

Пра смерць спевака паведаміла інфармацыйнае агенцтва Ansa. Яму было 80 гадоў.

22.08.2023 / 18:35

Тота Кутуньё. Фота: kpa/United Archives via Getty Images

Сальваторэ (Тота — скарочаная форма імя) Кутуньё нарадзіўся 7 ліпеня 1943 года і з ранніх гадоў захапляўся музыкай. Першыя музычныя ўрокі ён атрымліваў ад свайго бацькі, які быў трубачом.

З 19 гадоў Тота пачаў выступаць у розных групах у якасці ўдарніка, а ўжо ў канцы 60-х стаў прафесійным кампазітарам. У 1963 годзе Кутуньё стварыў уласную групу Toto e Tati (у 1975 пераназваў яе ў Albatros) і пачаў выступаць з ёй па ўсёй Італіі.

З 1975 года Кутуньё ўсё больш стаў выступаць сам як традыцыйны эстрадны спявак, у тым ліку двойчы — на фестывалі італьянскай песні ў Сан-Рэма, дзе ў 1980 годзе атрымаў перамогу.

Як кампазітар ён пісаў песні для Джо Дасэна, Адрыяна Чэлентана, Мірэй Мацьё, Мішэль Сарду і іншымі вядомых выканаўцаў.

Сапраўдны прарыў для Тота Кутунья адбыўся ў 1983 годзе, калі ягоная песня L'Italiano vero стала сусветным хітом, яна пасля была перакладзеная на многія мовы.

У 1990 годзе Кутуньё перамог на «Еўрабачанні» ў тады яшчэ югаслаўскім Заграбе.

У пачатку 2007 года Кутуньё перанёс аперацыю ў сувязі з анкалагічнай хваробай і наступную хіміятэрапію. Але ўжо ў канцы таго ж года вярнуўся да актыўнай творчай дзейнасці, якая працягвалася яшчэ шмат гадоў.

Чытайце таксама:

Памёр расійскі акцёр Ігар Ясуловіч. Яго продкі былі беларусы

Памёр «гугнявы перакладчык» Леанід Валадарскі

Памёр каханы чалавек Сандры Булак. Ён доўгі час змагаўся з цяжкай хваробай

Nashaniva.com