Беларускія ліфты ў дамах Рыгі сталі праблемай

У Рызе абслугоўванне ліфтаў у шматкватэрных дамах становіцца ўсё сур'ёзнейшай праблемай, бо ў дамах, пабудаваных за савецкім часам, устаноўлены ліфты беларускай вытворчасці, заявіў агенцтву LETA старшыня праўлення Rīgas namu pārvaldnieks (RNP) Марыс Озаліньш, піша Delfi.lv.

22.08.2023 / 09:19

Фота: gefest-lift.ru

«Гэта праблема. Усе ліфты дамоў, пабудаваных за савецкім часам, вырабленыя ў Беларусі на магілёўскім заводзе, у якога пасля ўвядзення санкцый мы нічога не можам купіць», — сказаў Озаліньш.

Цяпер дэталі, неабходныя для рамонту, заказваюцца ў іншым месцы, але гэта даражэй. Таксама ёсць дамы, у якіх карысней было б замяніць ліфты на новыя, а не рамантаваць іх. Аднак ліфты іншых вытворцаў маюць іншыя тэхнічныя параметры, а гэта азначае, што, напрыклад, праёмы ліфтаў ва ўсім будынку прыйдзецца перарабляць.

Таксама праз тое, што дэталі ліфтаў з Магілёўскага завода ўсё менш даступныя на рынку, ліфты, магчыма, давядзецца замяняць, нават калі цяперашнія яшчэ можна адрамантаваць.

«Гэта будзе вельмі шырокая ў фінансавым сэнсе праграма. Тут мы нават папрасілі б падтрымкі ў Рыжскай думы, бо такая сітуацыя паўстане адначасова ў многіх дамах», — сказаў Озаліньш.

У шматкватэрных дамах Рыгі ўстаноўлена больш за 1000 ліфтаў, а кошт замены аднаго з іх, паводле даных домакіраўніцтва, складае каля 50 000 еўра.

Чытайце таксама:

На беразе вадасховішча Дразды пабудавалі незвычайны будынак. Што ў ім

«Калі я прынёс гэтыя талеркі, ва ўсіх былі круглыя вочы: «Ваў!». Дырэктар гатэля «Еўропа» расказаў пра вар'яцкі крэатыў, з якім ён рэфармуе ўстанову

«Адчуваем сябе як у метро!» У што ўвасобілася анансаванае ўпрыгажэнне калон унутры Камароўскага рынку

Nashaniva.com