У Полацку падчас раскопак на стадыёне знайшлі старажытны «квартал ювеліраў»
Сенсацыйная знаходка ХІ стагоддзя адкрылася падчас археалагічных даследаванняў Ніжняга замка, якія праводзяць на тэрыторыі стадыёна «Спартак» спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Еўфрасінні Полацкай, паведамляе газета «Витебские вести».
21.08.2023 / 17:31
Фота: www.psu.by
У кожным шурфе, закладзеным на тэрыторыі стадыёна, даследчыкі выявілі сляды апрацоўкі каляровых металаў. У двух шурфах знойдзены рэшткі плавільных печак, у якіх гэтыя работы праводзіліся. Паводле выкладчыка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігара Магалінскага, знаходкі дазваляюць меркаваць, што гэты «квартал ювеліраў» існаваў не пазней як у XI стагоддзі. І на сённяшні дзень гэта найбуйнейшы ў Беларусі аб'ект, які можна звязваць з ювелірным рамяством менавіта гэтага часу.
Ігар Магалінскі. Фота: gorod214.by
Версія пра полацкі «квартал ювеліраў» упершыню з'явілася ў 1984 годзе. 10 красавіка, падчас «ленінскага» суботніка, якраз на тэрыторыі стадыёна «Спартак» быў знойдзены знакаміты скарб, які сёння захоўваецца ў Нацыянальным полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Тады знаходка адкрылася гардэробшчыцы стадыёна Марыі Красновай. Яна падняла з зямлі камень, пад якім убачыла «дроцікі» з жоўтага металу. Жанчына пажартавала, што знайшла золата, але ўсу'ёз у гэта не паверыла. Тагачасны дырэктар стадыёна прапанаваў узважыць знойдзенае ў бліжэйшай прадуктовай краме. «Дроцікі» з жоўтага металу «пацягнулі» амаль на 350 грамаў. Таваразнаўца ювелірнай крамы «Рубін» Святлана Сабельнікава ацаніла скарб у 15 тысяч савецкіх рублёў. Паводле заканадаўства, 25 % ад гэтай сумы былі пералічаны Марыі Красновай, а яе знаходку забралі ў музей.
Фота: gorod214.by
Мясцовасць у самым цэнтры Полацка прыцягнула ўвагу даследчыкаў, і ў 1989 — 1990 гадах непадалёк ад стадыёна быў знойдзены цэлы ювелірны «вытворчы комплекс». На думку выкладчыка кафедры гісторыі і турызму ПДУ Аляксея Коца, у старажытнасці гэтае месца было заселена вялікай колькасцю ювеліраў — людзей заможных, адукаваных, якія па мерках таго часу наладзілі высокатэхналагічную вытворчасць.
Аляксей Коц. Фота: www.psu.by
Аднак сама пляцоўка стадыёна раней не вывучалася — раскопкі праводзілі толькі на навакольных тэрыторыях.
Сёлета стадыён «Спартак», якому ўжо 54 гады, было вырашана рэканструяваць. У планах — замена пакрыцця футбольнага поля, бегавых дарожак і дарожак для скачкоў у даўжыню, пераабсталяванне сектараў для кідання молата і штурхання ядра, устаноўка трэнажораў.
Перад рэканструкцыяй адмыслоўцы праводзяць археалагічныя доследы, бо гэта ўнікальная тэрыторыя: калісьці тут размяшчалася старажытнае паселішча, а ў 16 стагоддзі быў збудаваны Ніжні замак.
Чытайце таксама:
У Польшчы знойдзены пахаванні «вампіраў» XVII стагоддзя
Апошні раз беларускія архівы падпарадкоўваліся сілавікам у часы сталінскага тэрору. Як гэта было
На вайсковых могілках у Гродне працягваюць рамантаваць старадаўнюю капліцу