«Час лятаць на сваіх». Пархомчык заявіў, што Беларусь рыхтуецца выпускаць свае самалёты
Самалёт беларускай вытворчасці — гэта рэальна, сказаў на АНТ намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык.
21.08.2023 / 07:48
Скрын відэа
«Мы плануем вырабляць у сябе лёгкі 12-мясцовы самалёт ЛМС-401, набыць для гэтага ўсе кампетэнцыі. Знаходзімся на этапе распрацоўкі доследна-канструктарскіх работ — нашы спецыялісты будуць распрацоўваць, а потым ужо вырабляць. Спатрэбіцца ўдзел Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі нумар 407 і 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода ў Баранавічах», — сказаў ён.
Паводле Пархомчыка, для гэтага спатрэбіцца будаўніцтва дадатковых вытворчых магутнасцяў у частцы механаапрацоўкі, у частцы будаўніцтва корпуса для зборкі даных самалётаў.
«Часу ў нас абсалютна няма, гэта трэба рабіць хутка, аператыўна», — сказаў ён.
«Тэма абсалютна патрэбная, гэта новы вектар развіцця, хопіць нешта рамантаваць, час лятаць на сваіх самалётах», — лічыць Пархомчык.
Віцэ-прэмʼер дадаў, што цяпер у Беларусі рэалізуецца 17 інвестыцыйных праектаў на 127 млрд расійскіх рублёў. Дадаткова на ўзгадненні знаходзяцца 12 праектаў на 37 мільярдаў рублёў.
Раней пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты заявіў, што ў Беларусі ўжо пачалі рэалізацыю праекта сумеснага беларуска-расійскага самалёта. «Пакуль два нашы прадпрыемствы будуць удзельнічаць як кааператары, пастаўшчыкі камплектуючых у расійскіх праектах, гэта ў асноўным МС-21 і Superjet», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
На борце аднаго з самалётаў «Белавія» адбылася разгерметызацыя
«Белавія» прадала адзін са сваіх «Боінгаў»
Круты заявіў, што ўжо пачалі рэалізацыю праекта сумеснага беларуска-расійскага самалёта