Вальфовіч заявіў, што Расія змагаецца не з украінскім народам, а з нацызмам, які ўздымае галаву
Такое меркаванне ў размове з журналістамі перад пачаткам Міжнароднага «антыфашысцкага» кангрэса ў Мінску выказаў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі, піша БелТА.
18.08.2023 / 11:13
Аляксандр Вальфовіч. Фота: БелТА
Аляксандр Вальфовіч заявіў, што пры правядзенні спецаперацыі ва Украіне (так расійская, а следам за ёй і беларуская прапаганда называюць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну) Расія змагаецца не з украінскім народам, а з фашызмам і неанацызмам, якія паднялі галаву.
«Трэба разумець, што акрамя арыйскай расы нацысты не прызнавалі і не паважалі нікога», — сказаў ён.
Вальфовіч дадаў, што «паліцаі з некаторых суседніх дзяржаў у Вялікай Айчыннай вайне стаялі ў адным шэрагу з нацысцкімі захопнікамі, — сказаў ён, намякаючы на ўдзел літоўскіх, латвійскіх і ўкраінскіх фармаванняў.
«Сёння спрабуюць з ног на галаву перавярнуць гісторыю. Нашчадкі фашыстаў зноў загаварылі пра неанацызм. Чалавецтва стала забываць пра тое, хто вызваліў свет ад страшнай чумы», — лічыць ён.
Фашызм — гэта ідэалагічны кірунак, які адмаўляе дэмакратыю, але абсалютызуе дзяржаву і моцную ўладу. Для фашызму характэрныя строгі кантроль дзяржавы над грамадствам і эканомікай, рэпрэсіі супраць праціўнікаў улады, культ сілы і сілавых структур, ультранацыяналізм і вера ў натуральнасць існай сацыяльнай іерархіі, а таксама незмяняльнасць кіраўніка дзяржавы. Украіна, як і дзяржавы Еўрасаюза, — дэмакратычныя дзяржавы, дзе існуе змяняльнасць улады і палітычны плюралізм.