Вольга Карач заявіла, што яе прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы

Ёй адмовілі ў палітычным прытулку, паведаміла яна.

18.08.2023 / 10:59

Пра гэта кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач паведаміла расійскаму выданню «Медуза».

З яе слоў, літоўскія ўлады абгрунтавалі пастанову тым, што яна брала інтэрв'ю ў заснавальніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канферэнцыях у Расіі.

Вольга Карач жыве ў Літве апошнія некалькі гадоў. Яна кіруе арганізацыяй «Наш дом», якая спачатку займалася дапамогай мясцовым ініцыятывам у Беларусі, але апошні час дэкларуе антываенную тэматыку і дапамогу дэзерцірам.

Звычайна пасля рашэння аб прызнанні чалавека «пагрозай нацыянальнай бяспецы» ў Літве яму даецца 14 дзён, каб пакінуць краіну.

Вольга Карач да 2020 года была частай госцяй у расійскіх пракрамлёўскіх выданнях, у прыватнасці, на «Лента.ру» і «Газета.ру». Ад восені 2020 года яна атакавала Святлану Ціханоўскую. Мемам сталі словы экс-сілавіка Ігара Макара, што Юрый Зянковіч «паехаў у Маскву пад гарантыі бяспекі ад Вольгі Карач». У Маскве Зянковіча арыштавалі, разам з Аляксандрам Фядутам.

Карач таксама беспаспяхова падавала заявы ў праваахоўныя органы Літвы і камісіі па этыцы на незалежныя СМІ. 

Чытайце таксама:

«Можна атрымліваць грошы пад барацьбу за правы трансгендараў, можна — супраць іх». Вольга Карач — пра жыццё ў Вільні, хваробы і даходы

Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?

Вольга Карач стварыла новую кааліцыю. Хто гэтыя людзі?

Nashaniva.com