Улады Нагорнага Карабаха заявілі пра першую галодную смерць ад васьмімесячнай блакады
Ад недаядання памёр 40-гадовы мужчына.
17.08.2023 / 08:05
Пустыя прылаўкі адной з крамаў у сталіцы Нагорнага Карабаха Сцепанакерце. Фота: Арцах-ТВ
Абаронца правоў чалавека Нагорнага Карабаха Гегам Сцепанян паведаміў пра выпадак галоднай смерці ў рэгіёне, піша Panarmenian.net.
Ён адзначыў, што жыхар Сцепанакерта К. Аванісян, 1983 года нараджэння, памёр у выніку хранічнага недаядання, бялкова-энергетычнай недастатковасці.
У мужчыны была выяўленая аліментарная дыстрафія (агульнае знясіленне з-за працяглага і няпоўнага прыёму пажыўных рэчываў, ацёк, парушэнне ўсіх формаў абмену рэчываў, з структурнымі і функцыянальнымі парушэннямі органаў), бялкова-энергетычная недастатковасць, дыстрафія ўнутраных органаў — нырак, анемія, сэптычны стан, правабаковы гідраторакс, хранічнае недаяданне ды комплекс іншых хвароб.
Улады Нагорнага Карабаха называюць прычынай смерці васьмімесячную блакаду рэгіёна з боку Азербайджана.
«Катастрафічная харчовая сітуацыя, выкліканая блакадай і асабліва двухмесячнай поўнай аблогай, і з прычыны гэтага недаяданне асоб і пагроза голаду, адсутнасць неабходных лекаў і немагчымасць паўнавартаснага функцыянавання сістэмы аховы здароўя ствараюць прамыя і бясспрэчныя пагрозы для 120 тысяч насельніцтва Арцаха», — адзначыў Сцепанян.
Учора Рада Бяспекі ААН абмеркавала сітуацыю з блакадай Нагорнага Карабаха, дзе, паводле мясцовых крыніц, прадукты першай неабходнасці амаль на зыходзе, а сярод насельніцтва назіраюцца прыкметы голаду.
Пасяджэнне было склікана з ініцыятывы Арменіі пасля таго, як былы пракурор Міжнароднага крымінальнага суда заявіў, што блакада Нагорнага Карабаха можа ўтрымліваць прыкметы генацыду мясцовага армянскага насельніцтва.
Міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян заявіў, выступаючы ў Радзе Бяспекі, што прадухіленне катастрофы ў рэгіёне — гэта ключавы абавязак Аб'яднаных Нацый.
«Арменія адправіла гуманітарны канвой, які да гэтага часу застаецца на ўездзе ў Лачынскі калідор, бо азербайджанскі бок перашкаджае яго дастаўцы ў Карабах», — сказаў ён.
У сваю чаргу прадстаўнік Азербайджана ў ААН Яшар Аліеў ахарактарызаваў словы Мірзаяна як беспадстаўныя і неабгрунтаваныя абвінавачванні. Ён таксама абвінаваціў Ерэван у спробе маніпуляваць грамадскай думкай.
У выніку блакады Нагорнага Карабаха Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа быў пазбаўлены магчымасці пастаўляць у рэгіён прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці — да ўвядзення блакады аб'ёмы паставак складалі каля 400 тон штодня.
Падрабязней пра блокаду Нагорнага Карабаха можна прачытаць у матэрыяле Бі-бі-сі:
Новая блакада Нагорнага Карабаха: не хапае самага неабходнага
Чытайце таксама:
У Нагорным Карабаху для пошуку мін выкарыстоўваюць пацукоў. Праўда, не тых, якіх мы ведаем
Арменія гатовая прызнаць Нагорны Карабах часткай Азербайджана