Беларуска замовіла новы пашпарт у пасольстве Беларусі ў Германіі. Яго зрабілі, але не аддалі
Былой гомельскай журналістцы Ірыне Макавецкай не выдаюць у беларускім пасольстве зроблены пашпарт. Супрацоўнікі пасольства пераконваюць беларуску атрымліваць дакумент на радзіме. Аднак спачатку яны паведамілі, што новы пашпарт у іх. Гісторыю расказвае «Гомель. Штодзень».
15.08.2023 / 14:58
Былая журналістка БелаПАН, «БДГ», «Народнай Волі» Ірына Макавецкая
Ірына Макавецкая з’ехала з Беларусі ў Нямеччыну ў 2005 годзе. І раней такіх праблем не было. Яна рабіла пашпарты і сабе, і дзецям.
Больш за тое, новы пашпарт журналістцы зрабілі і нават прызначылі дату, калі можна было яго забраць. 11 ліпеня Ірына Макавецкая мусіла забраць пашпарт і нават выехала ў Берлін па яго.
«На 11 ліпеня мы дамовіліся з пасольствам, што я пад’еду і забяру пашпарт. Яны выдаюць дакументы пасля абеду. Мне была прызначана сустрэча на 15:45. У той дзень было спякотна і мы выехалі з дзецьмі загадзя, каб прыехаць да гарачыні. Нам ехаць ад дома да Берліна 575 км.
Мы праехалі 420 км, то-бок былі ўжо недалёка ад Берліна, калі мне пазванілі з пасольства і сказалі, што не змогуць аддаць пашпарт. Яны патлумачылі гэта тым, што перад тым, як аддаваць пашпарты, тэлефануюць у МУС з пытаннем, ці можна выдаць пэўнаму грамадзяніну дакумент», — распавяла Ірына.
Ірына Макавецкая напісала скаргу ў МЗС. Міністэрства замежных спраў перанакіравала скаргу ў пасольства, якое напісала на электронную скрыню з прапановай новай даты.
Але тая дата прыпадала на працоўны дзень Ірыны Макавецкай:
— Я двойчы ім безвынікова пісала з просьбай прызначыць новую дату. Пасля гэтага дазванілася ў пасольства, хоць гэта было і няпроста, і спытала, калі можна прыехаць па пашпарт.
Але мне адказалі, што пашпарт можна атрымаць толькі ў Рэспубліцы Беларусь. Прычыны яны не тлумачылі.
Ірына Макавецкая адзначае, што ёй так ніхто не сказаў, дзе менавіта знаходзіцца дакумент:
— Не ведаю, як быць зараз. А раптам на мой пашпарт хтосьці крэдыт возьме ці яшчэ штосьці там.
Калі я на працы распавяла пра сітуацыю, то мой калега з Туніса сказаў, што калі ён прыходзіць у сваё пасольства па пашпарт, то ім выдаюць дакумент праз гадзіну. Я чакала ад беларускага пасольства пашпарт чатыры месяцы, дык яшчэ і не аддаюць.