У Нацыянальным гістарычным архіве — новы дырэктар. Ён доўгі час працаваў у КДБ
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі 14 жніўня ўзначаліў Міхаіл Глушакоў.
15.08.2023 / 13:04
Міхаіл Глушакоў. Фота: НГАБ
14 жніўня дырэктар Дэпартамента архіваў і справаводства Мінюста Алег Воінаў на агульным сходзе працоўнага калектыву Нацыянальнага гістарычнага архіва прадставіў новага дырэктара ўстановы — Міхаіла Глушакова.
Воінаў выказаў упэўненасць, «што дзейнасць М. Глушакова ў мінулым, яго жыццёвы досвед і веды будуць спрыяць эфектыўнаму рашэнню задач, якія стаяць перад Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі».
Міхаіл Глушакоў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Мінску. У 1994 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
Па звестках «Нашай Нівы», доўгі час служыў у КДБ.
Да прызначэння дырэктарам НГАБ некалькі месяцаў працаваў кансультантам у аддзеле арганізацыйнай работы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента архіваў і справаводства.
Апошнія месяцы архівы і музеі падвяргаюцца перыядычнай чыстцы ад нядобранадзейных супрацоўнікаў. Так, толькі з Нацыянальнага гістарычнага архіва за апошні год звольнілі каля 15-ці чалавек.
Папярэдні дырэктар архіва таксама быў сілавіком. Генерал-маёр Алег Воінаў раней быў памочнікам міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Яго паставілі на чале архіва ў маі 2022-га. У студзені 2023 года яго павысілі і перавялі ў Дэпартамент кіраваць.