Пазняк напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Зяленскаму. Просіць абмяняць ваеннапалонных беларусаў на палітвязняў
Ліст тычыцца абмену двух палонных беларусаў, якія ваявалі за Расію. Ён прапанаваў абмяняць Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на актывістку Вольгу Залатар і журналіста Дзяніса Івашына. Ліст змешчаны ў тэлеграм-канале палітыка.
14.08.2023 / 12:48
«Аляксандр Рыгоравіч і Уладзімір Аляксандравіч, звяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэнне аб справе, па якой я звяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар», — гаворыцца ў лісце.
Два палонныя грамадзяне Беларусі (Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч), якія былі ў расейскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, звярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь.
Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазіцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы. Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар — маці пяцярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўлення волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі.
Публічны ліст не найлепшы спосаб у такой важнай справе. Я не валодаю ўладай і па свайму статусу не ў стане выкарыстаць метады дыпламатыі, прыдатныя ў гэтым выпадку. Звяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Украіне.
Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх».
«Зычу шчасця людзям Беларусі і шчасця людзям Украіны, каб будучыня нашых народаў была вольнай, светлай, дружнай і прыгожай», — заканчвае ліст Зянон Пазняк.
Чытайце таксама:
Украінскі суд пачаў разглядаць справу яшчэ аднаго палоннага беларуса, які ваяваў на баку Расіі