Зборы бульбы ў Беларусі за час кіравання Лукашэнкі скараціліся больш як у два разы
Бульбы садзяць усё менш. Прычына таму — людзі перасталі трымаць свіней.
15.08.2023 / 16:09
«Тут у БелТА лангрыд цудоўны: «Як Лукашэнка зрабіў бульбу нацыянальным прадуктам Беларусі». Сочым за рукамі… У 1994 годзе краіна збірала 8,241 тысячы тон бульбы (калгасы 1,201 тысячы тон), а ў 2022-м — 3,857 тысячы тон (калгасы 566 тысяч тон). Тэхналогіі пайшлі наперад. Зрабіў!» — напісаў у фэйсбуку Віктар Малішэўскі.
Звернемся да афіцыйнай статыстыкі.
Яна сведчыць, што асноўнае падзенне вытворчасці бульбы прыйшлося на перыяд пасля 2010-га года. Да гэтага года паказчыкі вагаліся з году ў год вакол лічбы 8 млн тон. А ў 2004 годзе быў сабраны рэкордны ўраджай — 9,9 млн тон. Пазней назіраецца рэзкі спад з 7,8 млн тон у 2010 годзе да 3,9 млн тон у 2022 годзе.
Калі ж паглядзець глыбей, то можна заўважыць, што калгасы па вытворчасці бульбы ў 2022 годзе былі амаль на ўзроўні 2005 года (567 тысяч тон у 2022 годзе супраць 605,7 тысячы тон у 2005).
Пры гэтым пасяўныя плошчы пад бульбу ў калгасах (пасля невялікага ўздыму ў сярэдзіне 1990-х) пастаянна скарачаліся. У 2000-м яны складалі толькі трэцюю частку ад плошчаў 1990-га года. А за 2015—2022 гады скараціліся больш чым удвая.
Калгасы адмаўляюцца ад гэтай сельскагаспадарчай культуры. Напрыклад, у Брэсцкім раёне ў 2021 годзе бульбу вырошчвалі толькі ў дзвюх гаспадарках.
Можна падумаць, што вытворчасць бульбы нерэнтабельная. Але калі б гэта было так, то фермеры адмовіліся б ад яе вытворчасці. А што мы бачым? За сем гадоў збор бульбы ў фермераў вырас амаль у 3,4 разу. У 2022 годзе ён амаль зраўняўся з паказчыкам калгасаў. А вось пасяўныя плошчы павялічыліся нязначна.
Асноўнай прычынай падзення валавога збору сталі хатнія гаспадаркі. Іх удзельная вага ў 1990—2000-я гады перавышала 85% ад валавога збору бульбы ў краіне.
Менавіта яны за апошнія тры гады скарацілі вытворчасць бульбы больш чым на 40%, а ў параўнанні з 2015 годам — у 2,4 разу. Калі да 2000 года насельніцтва штогод садзіла больш бульбы, то пасля — усё менш і менш. У 2015 годзе пасадкі бульбы склалі 44% ад узроўню 2000 года, а за сем наступных гадоў скараціліся амаль удвая. Спецыялісты тлумачаць гэта скарачэннем колькасці свіней у прыватных гаспадарках.
У той жа час нельга не адзначыць, што ў параўнанні з 1990-мі адбыліся заўважныя змены ва ўраджайнасці бульбы. Калі ў 2000-м годзе яна была на ўзроўні 134 цэнтнеры з гектара, то ў 2022 — 223 цэнтнеры.
Чытайце яшчэ:
«Грэць насенне сталі яшчэ ў лютым». Як на Століншчыне вырошчваюць раннюю бульбу