Адкрылі новы від лішайнікаў, які назвалі ў гонар Беларусі
Адкрыты міжнароднай групай навукоўцаў від лішайнікаў названы Саркагіна беларуская (Sarcogyne belarusensis). Пра гэта паведамляе прэс-служба Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
10.08.2023 / 21:45
Андрэй Цупікаў расказвае студэнткам пра новы лішайнік. Фота: gsu.by
Адзін з даследчыкаў, прафесар кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Цурыкаў распавёў, што расліны вывучалі пры дапамозе сучасных малекулярна-генетычных метадаў. Гэта дазволіла выявіць унікальныя прыкметы, якія адносяцца да раней невядомага навуцы віду.
Лішайнік, які даследавалі навукоўцы, даволі распаўсюджаны ў Беларусі. Восем яго ўзораў сабралі на тэрыторыі Гродзенскай (Ваўкавыскі, Мастоўскі, Шчучынскі раёны) і Віцебскай (Верхнядзвінскі, Віцебскі, Докшыцкі, Лепельскі, Полацкі) абласцей. Акрамя нашай краіны, яго пакуль знаходзілі толькі ў Італіі і Германіі.
Парадаксальна, але ён пасяляецца на камянях — а ў Беларусі практычна няма выхадаў на паверхню горных парод. Таму знаходзяць яго нярэдка на цэменце, бетоне — то-бок штучнай паверхні, створанай чалавекам.
Лішайнікі першымі засяляюць участкі, ад пачатку не прыстасаваныя для жыцця. А пасля паступова яны спрыяюць і засяленню іх іншымі арганізмамі.
Саркагіна беларуская расце, паглынаючы ваду з паветра, дажджоў і туманаў.
Чытайце таксама:
Нарвежскія алені паелі расійскага лішайніку амаль на пяць мільёнаў даляраў. Расія ўжо падала пазоў
У Белавежскай пушчы больш чым праз 40 гадоў зноў знайшлі вельмі рэдкі від асакі
Адчуй сябе ў Правансе. Дзе ў Беларусі знайсці лавандавыя палі?