Ці будзе беларускі рубель слабець далей? Тлумачыць эканаміст
Беларускі рубель аслабеў. Толькі з пачатку месяца даляр падаражэў амаль на 15 капеек, або на 5%, у параўнанні з курсам на 1 жніўня. «Наша Ніва» спытала ў эканаміста, чаму так адбываецца і ці захаваецца гэтая тэндэнцыя.
11.08.2023 / 08:06
Эксперт BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што цяпер мы ў першую чаргу бачым адгалоскі таго, што адбываецца на расійскім валютным рынку.
«Расійскі рубель зніжаецца да даляра і еўра. Bloomberg уключыў рубель у тройку найгоршых валют. За год ён аслабеў амаль на чвэрць», — адзначае эканаміст.
Беларускі рубель, у сваю чаргу, паўтарае траекторыю расійскага рубля. Сярод прычын, чаму прасядае расійскі рубель, эканаміст называе наступныя моманты.
Рост цэн на нафту можа прывесці да росту рубля
«Асноўны фактар, чаму так адбываецца з рублём, той, што ў РФ значна горшае сальда бягучага рахунку. Паказчык пакуль застаецца станоўчы, але ён скараціўся ў некалькі разоў. Валюты на рынак выходзіць нашмат менш, чым год таму. У дадатак да гэтага ідзе вывад капіталу з Расіі. Расце попыт на куплю валюты з боку насельніцтва. Усё гэта аказвае ціск на валютны рынак», — тлумачыць Лузгіна.
Гаворачы аб прагнозах, эканаміст не выключае, што ўжо да канца жніўня можа адбыцца адкат, калі будзе адбывацца ўмацаванне расійскага рубля, а пасля яго і беларускага.
«Чакаецца заканчэнне падатковага перыяду, што будзе стымуляваць экспарцёраў прадаваць больш валюты. Гэта можа падтрымаць курс. У дадатак да гэтага патроху растуць цэны на нафту. Усё гэта можа стаць стымулам для таго, каб, прынамсі, яго падзенне спынілася».
Сярод іншага эканаміст адзначае, што на стабілізацыю можа паўплываць і рашэнне Цэнтрабанка павысіць уліковую стаўку (аналаг стаўкі рэфінансавання ў Беларусі).
Усё гэта, на думку эксперта, можа дапамагчы расійскаму рублю не пераступіць мяжу 100 рублёў за 1 даляр.
Тым не менш на курс беларускага рубля могуць аказваць уплыў не толькі знешнія фактары, як прасяданне расійскага рубля, але і ўнутраныя.
У беларускай эканоміцы крызісу няма
У беларускай эканоміцы таксама пачынае праглядацца тэндэнцыя да скарачэння пазітыўнага сальда ў гандлёвым балансе па таварах і паслугах.
«У знешнім гандлі таварамі мы маем адмоўныя паказчыкі, але ў гандлі паслугамі — традыцыйна ў плюсе, таму ў цэлым сальда станоўчае, але яно ўжо далёка не такое вясёлкавае, як гэта было год таму.
Што з сальда ўсё было ў парадку, пацвярджаў і той факт, што ў нас павялічыліся золатавалютныя рэзервы. Таму пакуль нельга казаць пра крызісныя сітуацыі менавіта ўнутры беларускай эканомікі», — кажа Лузгіна.
Аднак, на думку эканаміста, калі будзе мець працяг стымулюючая грашова-крэдытная палітыка, а заробкі працягнуць актыўна расці, то цалкам магчыма, што ўжо ў найбліжэйшыя месяцы будзе адмоўнае сальда гандлёвага балансу, якое будзе аказваць уплыў на курс беларускага рубля. У такім выпадку на паслабленне нацыянальнай валюты будзе аказваць уплыў не толькі расійскі фактар, але і ўнутраны.
Кліенты давернага кіравання судзіліся з Альфа-Банкам, але грошай не вярнулі. Што вырашыў суд?
У Беларусі ўжо некалькі гадоў ажыятаж на банкаўскія ячэйкі. У чым прычына?