Мінабароны Расіі заявіла пра атаку 13 дронаў на Маскву і Севастопаль

Два дроны, якія ляцелі ў бок расійскай сталіцы, былі збітыя ў небе над Малаяраславецкім раёнам Калужскай вобласці і Адзінцоўскім раёнам Падмаскоўя, яшчэ два — блізу Севастопаля. Акрамя таго, дзевяць дронаў былі збітыя сродкамі РЭБ.

10.08.2023 / 06:55

Карта Яндэкс

Два дроны, якія ляцелі ў бок Масквы, знішчаныя сіламі СПА ў небе над Малаяраславецкім раёнам Калужскай вобласці і над Адзінцоўскім раёнам Падмаскоўя, паведаміла РБК са спасылкай на Мінабароны Расіі.

Блізу Севастопаля сродкамі СПА былі збітыя два беспілотнікі, яшчэ дзевяць абясшкоджаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы — яны ўпалі ў акваторыі Чорнага мора.

Пацярпелых і разбурэнняў няма.

Раней мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што каля чатырох гадзін раніцы сродкі СПА збілі два дроны на падлёце да горада: адзін у Калужскай вобласці, другі — блізу Цэнтральнай кальцавой аўтадарогі.

Тэлеграм-канал Baza пісаў, што ў маскоўскім аэрапорце Унукава каля 02:30 быў абвешчаны план «Дыван». Як правіла, яго ўводзяць пры выяўленні невядомых або небяспечных аб'ектаў у небе. Паводле звестак канала, затрымана 11 рэйсаў.

Nashaniva.com