Святлана Ціханоўская стала лаўрэаткай прэміі Анны Лінд
Святлана Ціханоўская стала лаўрэаткай прэміі Анны Лінд за 2023 год. Гэтая прэмія традыцыйна ўручаецца за «адвагу ў барацьбе з абыякавасцю, перадузятасцю, прыгнётам і несправядлівасцю, за добрае жыццё для ўсіх людзей у навакольным асяроддзі, павагу да правоў чалавека».
09.08.2023 / 16:42
Святлана Ціханоўская. Фота Офіса Ціханоўскай
«Святлана Ціханоўская ўзяла на сябе ні з чым не параўнальную адказнасць, калі, рызыкуючы ўласнай бяспекай, пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе ўзначаліла народныя пратэсты за дэмакратыю», — заявіла старшыня Фонду Анны Лінд Лена Х'ельм-Вален.
Яна таксама адзначыла, што Святлана Ціханоўская працягвае барацьбу і стала сімвалам свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. «За гэта яна атрымлівае прэмію Анны Лінд у 2023 годзе», — патлумачыла старшыня фонду.
Прэмія будзе ўручаная на цырымоніі ў Стакгольме 11 верасня, у гадавіну гібелі Анны Лінд.
Анна Лінд была міністаркай замежных спраў Швецыі, узначальвала МЗС з 1998 да 2003 года. 10 верасня 2003 года на яе быў здзейснены замах. У супермаркеце ў цэнтры Стакгольма невядомы нанёс ёй некалькі нажавых удараў і ўцёк. Палітык памерла на наступны дзень у бальніцы.
Чытайце таксама:
Ціханоўскай уручылі прэмію Ціперэры. Разам з ірландскім дзяржаўным гімнам іграў «Магутны Божа»
Што цяпер з Нобелеўскай прэміяй Алеся Бяляцкага?
«Вашы пакуты прынясуць плён» — Лех Валэнса звярнуўся да беларусаў