«За данясенне праўды да сусветнай супольнасці». Белтэлерадыёкампанія прэміравала прапагандыстак, што трапілі пад еўрапейскія санкцыі
У Белтэлерадыёкампаніі выпісалі прэміі прапагандысткам Ксеніі Лебедзевай і Анастасіі Бенедзісюк, што трапілі пад нядаўнія санкцыі Еўрасаюза.
09.08.2023 / 08:39
«За высокі ўзровень журналісцкай працы, данясенне праўды да сусветнай супольнасці, развянчанне хлусні заходняй прапаганды», — так пазначыў неабходнасць узнагароды кіраўнік кампаніі, прапагандыст Іван Эйсмант.
Ксенія Лебедзева і Анастасія Бенедзісюк трапілі пад санкцыі ЕС у жніўні. Іх абвінавацілі ў распаўсюджванні расійскіх наратываў аб «нацысцкім рэжыме ва Украіне», хлусні пра беларускую апазіцыю і полк Кастуся Каліноўскага, распальванні варожасці супраць суседніх краін.
Беларуская ж прапаганда бачыць іх дзейнасць як «высокі ўзровень журналісцкай працы».
У тлумачальным лісце з хадайніцтвам пра прэміраванне прапагандыстак, які апублікаваў канал АТН, гаворыцца, што Лебедзева «зарэкамендавала сябе як журналістка высокага ўзроўню з выразнай грамадзянскай пазіцыяй», якая «смела і адкрыта распавядае гледачу пра сапраўдны стан рэчаў ва Украіне і на Данбасе, прычыны СВА». «Словам, кажа праўду», — рэзюмуюць калегі прапагандыстак.
Аўтары ліста хадайнічаюць, каб прапагандыстак узнагародзілі «за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў пры выкананні рэдакцыйных заданняў, за ўменне абяззброіць словам і бескампрамісную пазіцыю, за смеласць пры пошуку і падачы дакладнай, часам камусьці нязручнай інфармацыі, нягледзячы на ціск і пагрозы Захаду, за жаданне даносіць толькі праўду».
Чытайце таксама: