Брэнд «Эхо Москвы» можа перайсці дзяржаве. Заяўку на таварны знак падала «Россия сегодня»
Лагатып, пададзены ў заяўцы, цалкам супадае з тым, што быў у ліквідаванай радыёстанцыі «Эхо Москвы», якую ўзначальваў Аляксей Венядзіктаў.
09.08.2023 / 06:52
Аляксей Венядзіктаў. Фота з Вікіпедыі
Медыягрупа «Россия сегодня» падала заяўку на рэгістрацыю брэнда «Эхо Москвы». Уладальнікі могуць аспрэчыць пераход таварнага знака дзяржаве, але, відаць, не будуць гэтага рабіць. Пра гэта Бі-бі-сі распавёў галоўны рэдактар «Эха» Аляксей Венядзіктаў.
Лагатып, прадстаўлены ў заяўцы, цалкам супадае з тым, што быў у ліквідаванай радыёстанцыі «Эхо Москвы», якую ўзначальваў Аляксей Венядзіктаў.
«Гэта як перапісванне падручніка гісторыі, «умацоўваюць мінулае». У той жа логіцы. І гэта пройдзе», — так пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале Аляксей Венядзіктаў паведамленне аб падачы заяўкі на брэнд «Эхо Москвы».
У прэс-службе медыягрупы «Россия сегодня» заявілі, што заяўка была адпраўлена «ў сувязі са сканчэннем тэрміну рэгістрацыі гэтага таварнага знака ў яго ўладальніка». «Варыянты будучага выкарыстання брэнда няма сэнсу абмяркоўваць, пакуль пастанова не прынятая дзяржорганамі», — гаворыцца ў заяве.
Падача заяўкі на брэнд «Эхо Москвы» ставіць перад сабой задачу прадухіліць вяшчанне ў Расіі пад гэтым брэндам іншых структур, а сама «Россия сегодня» выходзіць у эфір з гэтай назвай не плануе.
Такі метад прымяняўся ў 2021 годзе, каб перашкодзіць працы праекта «Разумнае галасаванне» Аляксея Навальнага. Тады малавядомая кампанія «Вулінтэртрэйд» у паскораным рэжыме зарэгістравала правы на таварны знак са словазлучэннем «Разумнае галасаванне» і запатрабавала ад тэхнагігантаў — «Google» і «Яндэкс» — спыніць у пошуку выдаваць сайты са згадваннем праекта.
Расійскія ўлады ў сакавіку мінулага года абвінавацілі «Эхо Москвы «ў распаўсюдзе ілжывых звестак пра вайну, пасля чаго рашэннем рады дырэктараў станцыі, якая ўваходзіць у холдынг «Газпром-Медыя», была ліквідаваная. Пасля гэтага Венядзіктаў і іншыя папулярныя вядучыя «Эха» працягнулі выпускаць праграмы на YouTube.
Радыёчастату «Эха» атрымала радыё «Спутнік», якое ўваходзіць у міжнароднае інфармацыйнае агенцтва «Россия сегодня».