Латвія ўводзіць на беларускай мяжы ўзмоцнены рэжым
Латвія ўводзіць узмоцнены рэжым аховы мяжы ў Даўгаўпілсе і трох раёнах на мяжы з Беларуссю — Лудзенскім, Краслаўскім і Аўгшдаўгаўскім. Ён будзе дзейнічаць пакуль паўгода — з 11 жніўня 2023-га да 10 лютага 2024 года. Рашэнне было прынята Кабінетам міністраў Латвіі сёння, паведамляе прэс-служба латвійскага ўрада.
08.08.2023 / 22:16
Фота: mk.gov.lv
Рашэнне было прынята для «забеспячэння недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы і прадухілення дзяржаўнай пагрозы, беручы пад увагу непамерна вялікую колькасць выпадкаў незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы, спробаў перасячэння мяжы і нарастанне гэтай тэндэнцыі».
Цяпер памежная служба мае ўзмацніць кантроль на латвійска-беларускай мяжы, а Узброеныя сілы і паліцыя мусяць аказваць неабходную падтрымку памежнікам.
Памежнікі і паліцыя атрымалі права пранікаць у жылыя і нежылыя памяшканні і на зямельныя ўчасткі з мэтай выяўлення месцаў, дзе хаваюцца асобы, якія незаконна перасеклі мяжу, ці прадухіліць пагрозу жыццю людзей.
Урад Латвіі адзначае, што з 11 жніўня 2021 года больш за 14 тысячам чалавек (з іх амаль 5,5 тысячы чалавек у гэтым годзе) не ўдалося перайсці мяжу па-за пунктамі пропуску. З пачатку гэтага года Латвія прыняла 282 чалавекі па гуманітарных прычынах.
Літва і Польшча заявілі пра ўзмацненне аховы мяжы яшчэ раней.
Чытайце таксама:
Польшча хоча адправіць на мяжу з Беларуссю яшчэ тысячу салдат
Літва перакіне на мяжу з Беларуссю дадатковую колькасць вайскоўцаў