Ціманоўская распавяла пра нагоду для гонару, адказ у сацсетках Азаронку, прафесійнае і асабістае
«Усе выхадныя я піла толькі безалкагольныя напоі. Калі вы даведаецеся чаму, то таксама будзеце шакаваныя», — пажартавала на сваёй старонцы ў Instagram лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская. Нагодай таму быў дазвол выступаць за зборную Польшчы. Пра гэта, а таксама пра хэйт Азаронка, няпросты перыяд у сямейным жыцці і пагрозу страціць слых у дзяцінстве Крысціна паразмаўляла з «Нашай Нівай».
08.08.2023 / 16:30
Фота: інстаграм Крысціны Ціманоўскай
— Вам дазволілі выступаць за зборную Польшчы. Якімі былі першыя пачуцці пасля гэтай навіны? Ці не было тугі па тым, што Беларусь канчаткова засталася ў мінулым?
— Па-першае, я не лічу, што Беларусь засталася для мяне ў мінулым (яна была, ёсць і будзе) — у мінулым засталася беларуская зборная. Па-другое, адбылося гэта не цяпер, а два гады таму, менавіта таму ніякіх сумных думак не было.
А калі казаць пра першыя ўражанні, то я не адразу паверыла ў гэтую навіну. Мне патэлефанаваў трэнер і паведаміў, што я еду на зборы, таму што з мяне знялі каранцін, і, магчыма, я змагу ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які адбудзецца ў канцы жніўня ў Будапешце. Я адказала: «Калі ты жартуеш, то гэта не смешна. Давай лепш сур'ёзна абмяркуем найбліжэйшыя планы і тое, да якіх спаборніцтваў я магу рыхтавацца». Але трэнер падкрэсліў, што не жартуе.
Потым мне ўжо патэлефанавалі з польскай Федэрацыі лёгкай атлетыкі, каб павіншаваць з тым, што цяпер я афіцыйная ўдзельніца зборнай Польшчы. Сказалі, што яны паспрабуюць зрабіць усё магчымае для таго, каб я змагла паехаць на чэмпіянат свету. Вось тады ў мяне крыху затрэсліся рукі, таму што навіна была сапраўды вельмі нечаканай. Бо ўвесь год я трэніравалася без думак аб тым, што змагу ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету сёлета. Я ж ведала, што я на каранціне і гэта ў прынцыпе немагчыма — а тут у адзін момант усё рэзка змянілася.
Канешне, я не магу пакуль у поўнай меры радавацца гэтай навіне, таму што няма гарантый таго, што я патраплю на чэмпіянат свету. Але я шчаслівая ўжо таму, што ў наступным сезоне я 100% буду выступаць на міжнародным узроўні — больш няма ніякіх перашкод.
— Азаронак вельмі аператыўна адрэагаваў на навіну (Крысціна ў адказ у сацсетках напісала, што забараняе прапагандысту пісаць пра сябе. — «НН»). Наколькі вас увогуле хвалююць такія паведамленні? Ці навучыліся вы за апошнія гады даваць рады хэйту?
Скрыншот сторыз у інстаграме спартоўкі
— Мяне наогул не хвалююць паведамленні Азаронка — я заўсёды з іх смяюся. Мне падаецца, што гэта падабаецца маёй аўдыторыі ў сацыяльных сетках — яна вельмі добра на гэта рэагуе. Мы з падпісчыцамі можам часам паразмаўляць на гэтую тэму, пажартаваць з такіх людзей, як Азаронак. Выкладваю я скрыншоты толькі для таго, каб паказаць, якія ёсць неадэкватныя жыхары Беларусі і што яны сабе дазваляюць. А яшчэ — даць ім адказ, бо я не з тых людзей, хто маўчыць.
З хэйтам я навучылася спраўляцца — на гэта патрабавалася шмат часу і дапамога псіхолага. Але цяпер мяне вельмі складана нечым зачапіць.
— Тэарэтычна, калі вы паедзеце на Алімпіяду, то можаце сустрэцца там са знаёмымі з Беларусі. Вас не палохаюць такія думкі?
— А чаму яны павіны мяне палохаць? Няхай баяцца прадстаўніцы беларускага спрынту сустрэцца са мной на бегавой дарожцы, таму што яны ўбачаць толькі маю спіну.
Фота: інстаграм Крысціны Ціманоўскай
— У Instagram вы пісалі, што ў пяць гадоў амаль што страцілі слых…
— Так, калі я была маленькая, то захварэла, у мяне паднялася тэмпература пад 40. Мама з татам выклікалі хуткую. Доктар няправільна разлічыла дазіроўку лекаў, і праз гэта ў мяне з'явілася пабочная рэакцыя: пачаліся праблемы са слыхам. Бацькі зразумелі, што нешта не так, калі я ўключала вельмі гучна тэлевізар і пры гэтым усё роўна дрэнна чула.
Потым падчас абследавання высветлілася, што на адным вуху ў мяне слых захаваўся на 30%, на другім — на 70%. З таго моманту я кожны год па некалькі разоў ляжала ў шпіталі. Усяго мне зрабілі пяць аперацый — некаторыя з іх рабілі мой стан толькі горшым. І толькі калі мне было 13 гадоў, мы змаглі знайсці лекара, які здолеў правільна вызначыць прычыну праблемы. І вось пасля таго, як ён прааперыраваў мяне, слых недзе праз паўгода вярнуўся.
Праз год мы з бацькамі хацелі зноў патрапіць да яго на прыём, але аказалася, што лекар раптоўна памер. Лічу цудам тое, што ён паспеў выратаваць мой слых. Мне вельмі пашанцавала. Я ўдзячная гэтаму прафесіяналу, бо, калі б не ён, вялікі спорт быў бы дакладна для мяне закрыты.
І вось дзякуючы таму, што я зноў пачала добра чуць, я пачала хадзіць на ўрокі фізкультуры разам з аднакласнікамі. Аднойчы мне прапанавалі або паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, або пайсці на кантрольную па матэматыцы з класам. А матэматыку я заўсёды не любіла. На спаборніцтвах я выступіла лепш за ўсіх. Першы старт мне настолькі спадабаўся, што потым я ўжо не змагла жыць без спорту.
— Што дапамагае вам не здавацца?
— Я з самага дзяцінства стаўлю перад сабой мэты. І пакуль яны не будуць дасягнутыя, я не дазваляю сабе апускаць рукі. У мяне ёсць нататнік, дзе я пішу планы на месяц, на год, на пяць гадоў. І вось пакуль я не пастаўлю птушачку насупраць кожнага пункта, я не супакойваюся. Думаю, што гэта вельмі дысцыплінуе мяне.
— Вы распавядалі падпісчыкам у сацыяльных сетках, што за два гады ў Польшчы тройчы разыходзіліся з мужам, але ў выніку памірыліся ў Парыжы на ваш дзень нараджэння. Якое выпрабаванне для адносін стала самым складаным і што ў канчатковым выніку дапамагло вам захаваць шлюб?
— Усё, што я хацела расказаць пра нашы адносіны, я расказала ў сторыз. Больш ніякай інфармацыяй я не хачу дзяліцца. Так, мы тры разы расставаліся і ў выніку памірыліся — цяпер у нас усё добра. Мы перажылі самыя складаныя моманты. Магчыма, праблемы былі праз наш раптоўны пераезд, праз тое, што мы абое згубілі ўсё, што ў нас было. Нейкі час я была ў дэпрэсіі, і гэта не вельмі добра адбівалася на нашых адносінах. Галоўнае, што мы змаглі знайсці агульную мову.
Цяпер муж мне вельмі моцна дапамагае, ён мяне трэніруе, ездзіць са мной на спаборніцтвы. Ён мая галоўная падтрымка і апора. Гэта чалавек, дзякуючы якому я цяпер паказваю такія вынікі. Мы адсвяткавалі гадавіну вяселля, у нас шмат сумесных планаў. Адзінае, дзяцей у найбліжэйшых планах пакуль няма — мы адклалі гэтае пытанне на потым.
— Калі б у вас была магчымасць вярнуцца на некалькі гадоў таму і нешта змяніць тады ў сваім жыцці, вы б гэта зрабілі ці пакінулі б усё, як ёсць?
— Пакінула б усё, як ёсць.
— Якім сваім дасягненнем вы больш за ўсё ганарыцеся?
— Напэўна, тым, што я перажыла моцную дэпрэсію, з-за якой былі зрывы, звязаныя з буліміяй, але я ўзяла сябе ў рукі і практычна пачала жыць з нуля. І мне ўдалося выйсці на вышэйшы ўзровень, чым да дэпрэсіі.
Чытайце таксама:
Крысціне Ціманоўскай дазволілі выступаць за Польшчу
Ціманоўская выйграла срэбра на чэмпіянаце Польшчы ў бегу на 200 метраў